Міхаілу Гарбачову 85 гадоў. Правілы ягонага жыцця. З'явілася апытанне менчукоў


«У каго няма пачуцця малой радзімы, той не варты нічога», – адзначае Міхаіл Гарбачоў, палітык, які аказаў уплыў на ўвесь свет.

У перыяд дзейнасці Міхаіла Гарбачова на пасадзе кіраўніка Савецкага Саюзу адбыліся надзвычай сурʼёзныя змены, якія паўплывалі на ход сусветнай гісторыі.

Пры Гарбачове адбылася маштабная спроба рэфармавання савецкай сістэмы («Перабудова») з увядзеннем у СССР палітыкі галоснасці, свабоды слова і друку, дэмакратычных выбараў, рэфармавання сацыялістычнай эканомікі ў напрамку рынкавай мадэлі гаспадарання. Гарбачоў паспрыяў вываду савецкіх войскаў з Афганістану ды заканчэнню халоднай вайны. Кіраўнік СССР адмовіўся ад дзяржаўнага статусу камуністычнай ідэалогіі і пераследу іншадумцаў. Больш не было магчымасці хаваць, што СССР недзеяздольны. У выніку савецкая імперыя распалася, а Беларусь атрымала незалежнасць.

Belsat.eu з нагоды 85-годдзя Гарбачова зрабіў падборку выказванняў былога кіраўніка Савецкага Саюзу:

– Як толькі ў цябе пытаюцца пра мудрасць, ты адразу думаеш: ну, напэўна, я ўжо дажываю апошнія ў жыцці дні.

– Мой самы першы ўспамін – гэта голад. У 1933-м мне было два з лішкам гады, і я памятаю, што дзед мой Андрэй, бацька бацькі, лавіў жаб у нашай рачулцы невялікай і варыў іх у катле. Памятаю, што яны пераварочваліся белым брушкам, калі зварваліся. Але я не памятаю, еў я тады іх ці не. Гэта потым ужо, у Францыі, падчас прагулкі на катары ў цэнтры Парыжу пад песні пра Парыж, мы разам з Раісай елі жабіныя лапкі.

– У каго няма пачуцця малой радзімы, той не варты нічога.

– Не люблю тых, каму ўсё роўна, дзе павесяліцца, што падлавіць і каго падлавіць. Я з іншай групы людзей.

– Кожны на сваім месцы павінен рабіць (сваю справу) добрасумленна і па-сапраўднаму, вось і ўся перабудова! А то ўсё кажуць: «А што такое перабудова?», «Што такое перабудова?» «Сваю справу рабіць сумленна – галоўная перабудова!»

– Я ў дадзеным выпадку з Ісусам Хрыстом. Ён быў першы сацыяліст у нас. Тут ужо нічога не зробіш.

– Валодзя (Жырыноўскі), мы ведаем з табой, хто ў Думе самыя прадажныя дэпутаты.

– А я папярэджваў: нашым грамадзянам пара прыходзіць да высновы – так бязбожна гуляць, не шкадаваць ні сябе, ні блізкіх – гэта недапушчальна.

– Тая палітыка, калі хочацца нагнаць страху на свет, калі кожны прэзідэнт павінен мець сваю маленькую вайну, мусіць застацца ў мінулым.

– З бацькам пасля вайны я пяць гадоў працаваў на камбайне. У гэты час мы вельмі зблізіліся. У нас было шмат размоў, я яго пра шмат што распытваў – мы сталі мужчынамі, у якіх ёсць нейкія свае адносіны. Самую сурʼёзнае заўвагу, якую бацька мне калі-небудзь рабіў, ён перадаў праз маці. Я ўжо быў 18-гадовым, і ён так ёй сказаў: «Скажы Міхаілу, што ён занадта позна прыходзіць з гулянак. Хай крыху раней вяртаецца ».

– За ўладу трэба трымацца па-разумнаму.

– У адной з тэлевізійных перадач Уладзімір Познер спытаў мяне: «А вось калі б усё ж такі была такая магчымасць – прапанавалі вам звязацца праз тэлефон з тымі, каго ўжо няма, – з кім бы вы хацелі пагаварыць?» Я адказваю: «Думаю, што датычыць Гарбачова, усім ясна – з жонкай».

– Мы з Раісай пражылі 46 гадоў, і 40 з іх хадзілі з ёй на шпацыр кожны дзень – дзе б ні апынуліся. У любое надворʼе, у завею, у снег і ў дождж, але Раіса асабліва любіла завіруху. Я казаў: «Паслухай, завіруха ж». А яна: «Не, пойдзем». І ішлі. Ішлі – і я прывык да завеяў. Раіса памерла, і я перастаў шпацыраваць.

– У старасці цяжка стрымаць слёзы.

– У ракеце, якую амерыканцы называюць «Сатана», а мы называем Р-36м, складзеная моц ста Чарнобыляў. У адной ракеце! Калі ты гэта ведаеш, ды яшчэ на такой пасадзе, як я быў, не можаш адчуваць сябе звычайным чалавекам.

– У дзясятым класе на выпускных іспытах я пісаў сачыненне і абраў вольную тэму «Сталін – наша слава баявая, Сталін – маладосці нашай палёт». За гэты твор я атрымаў «выдатна». А сёння магу сказаць, што лічу сябе адным з самых перакананых праціўнікаў сталіншчыны.

– Тое, што мы ўвялі нашыя войскі ў Афганістан, было палітычнай памылкай, звязанай з ідэалагічным падыходам у міжнароднай палітыцы, якую ў тыя гады спавядаў Савецкі Саюз. Спроба навязаць чужую мадэль грамадства краіне, якая мае глыбокія традыцыі, заўсёды асуджаная на правал.

– Распад Савецкага Саюзу, яго сыход з сусветнай палітычнай арэны адразу змяніў усю сітуацыю ў свеце, расстаноўку сіл, і ў многіх зʼявілася спакуса палавіць рыбу ў каламутнай вадзе. У тым, што свет не распарадзіўся шанцамі, якія адкрыла перабудова, новае мысленне, канец «халоднай вайны», вінаватыя ўсе.

– Вы ведаеце, у першыя гады Пуціна ён мне вельмі падабаўся, на Захадзе я ўсюды яго падтрымліваў, мяне за гэта пракліналі. Але паступова Уладзімір залез у справы правадырства. Не сказаць, што ўжо зусім, але нелады. Народ ізноў выштурхваецца з палітыкі, яму не давяраюць простыя рэчы. Зноў вакол паганялы і жывёлагадоўцы.

– Народу Крыму трэба адказна і ўмела распарадзіцца здабытым шчасцем. Я лічу, што гэта падзея шчаслівая і яе трэба так успрымаць. Вяртанне суверэнітэту Крыму – гэта аснова. І, карыстаючыся сваім суверэнітэтам, Крым выказаўся за жаданне быць з Расеяй. А значыць, гэта шчасце. Гэта свабода выбару, без якой не павінна быць нічога.

– Калі мяне пытаюцца пра тое, якой будзе Расея праз 20 гадоў, у мяне язык не паварочваецца сказаць, што будзе горш.

– Сапраўдны лідар – гэта той, хто хоча мець жывую, нармальную, сурʼёзную апазіцыю. Слабасць цяперашніх лідараў Расеі ў тым, што яны гэтага не разумеюць. Мякка кажучы, яны апазіцыю не любяць.

– Жыццё багацейшае за ўсіх настаўнікаў.

МЯ, паводле esquire.ru, orator.ru, ria.ru, slon.ru

Стужка навінаў