Міхаіл Саакашвілі, пазбаўлены грамадзянства Украіны, сустрэўся з украінскай дыяспарай у Варшаве


Экс-прэзідэнт Грузіі, пазбаўлены цяпер яшчэ і ўкраінскага грамадзянства, сустрэўся з украінскаю дыяспарай у Варшаве. Невялікая зала трашчала па швах, а пытанні апальнаму палітыку задавалі нават праз вакно. Прысутных, натуральна, цікавіла, якім чынам Саакашвілі – асоба без грамадзянства – трапіў у Польшчу.

Запрасіў Качыньскі

У Польшчу ён прыехаў, як кажа, на запрашэнне палітыкаў з кіроўнай партыі «Закон і справядлівасць», з якімі экс-прэзідэнт Грузіі ў выдатных дачыненнях. Сябры партыі адзначаюць, што для іх сябар Леха Качыньскага, які загінуў у смаленскай авіякатастрофе, – вялікі чалавек.

«Польшча – гэта свабодная краіна. А ў апошнія два гады – цалкам свабодная і дэмакратычная. І гэта самае галоўнае. Я вельмі цешуся, што спадар прэзідэнт змог без праблемаў трапіць на тэрыторыю Рэспублікі Польшчы», – зазначыла дэпутатка польскага Сейму Малгажата Гасеўска.

Грузінская пракуратура звярнулася да Польшчы з нагоды госця

На радзіме яму пагражае да 11 гадоў турмы. Заведзеныя 4 крымінальныя справы. Але апальны палітык збіраецца вярнуцца ва Украіну і змагацца надалей. А вось украінскія ўлады гатовыя перадаць экс-рэфарматара на радзіму.

Сам Саакашвілі распавёў, што на польска-ўкраінскай мяжы велізарныя чэргі – багажнікі абшукваюць у пошуках палітыка. Прасіць кагосьці пра дапамогу экс-прэзідэнт не збіраецца.

Ва Украіне бачаць Міхэіла Саакашвілі і ўкраінцы, што жывуць у Польшчы. На сустрэчы яны зачыталі зварот да экс-губернатара Адэскай вобласці.

«Мы заклікаем вас, спадару прэзідэнт, не прыпыняць палітычнае барацьбы. Менавіта ў вас украінцы бачаць апошнюю надзею на хуткія і, што самае галоўнае, эфектыўныя рэформы, каб вывесці Украіну з постсавецкага неаалігархічнага заняпаду», – заявіў прадстаўнік украінскай дыяспары ў Польшчы.

Супраць пазбаўлення Саакашвілі грамадзянства пратэстуюць у Кіеве

Украінцы называюць рашэнне прэзідэнта Украіны нонсэнсам і вінавацяць Парашэнку ў палітычнай помсце.

Даць магчымасць Саакашвілі абараніць сваё ўкраінскае грамадзянства ў судзе патрабуюць літоўскія ўлады. Літоўскі еўрадэпутат прапаноўваў нават надаў экс-кіраўніку Грузіі літоўскае грамадзянства. Сам Саакашвілі збіраецца вярнуцца ва Украіну.

«Белсат»

Стужка навінаў