Міхаіл Мясніковіч: «Трэба яшчэ шчыльней згуртавацца вакол нашага лідара»


Экс-кіраўнік ураду заклікае падтрымаць Аляксандра Лукашэнку на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Былы кіраўнік ураду Міхаіл Мясніковіч, высунуты кандыдатам на пасаду старшыні верхняй палаты беларускага парламенту, заклікаў сенатараў падтрымаць кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца не пазней лістапада 2015 г.

«Як вы ўсе ведаеце, 2015 год – год прэзідэнцкіх выбараў. У гэты няпросты, вельмі складаны для нашай краіны час неабходна яшчэ шчыльней згуртавацца вакол нашага лідара Аляксандра Лукашэнкі», – цытуе Міхаіла Мясніковіча Interfax.by.

15 студзеня падчас пазачарговай сесіі ніжняй палаты беларускага парламенту, кіраўнік Беларусі паабяцаў, што выбары пройдуць чэсна.

Сёлета ў інтэрнэце была распаўсюджана інфармацыя аб тым, што ў Маскве прынялі рашэнне падтрымаць на прэзідэнцкіх выбарах Уладзімера Макея (міністр замежных спраў Беларусі – belsat.eu), а не Аляксандра Лукашэнку.

«Як нам стала вядома з надзейных крыніц, Аляксандр Лукашэнка не будзе браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Ён мае намер падтрымаць кандыдатуру Уладзіміра Уладзіміравіча Макея. Вы не маглі б даць вельмі тэрміновы каментар?», – такі ліст атрымаў беларускі палітолаг Аляксандр Фядута.

Аўтар лісту прадставілася як карэспандэнтка тэлеканалу «LifeNews». Падобны ліст атрымала галоўная рэдактарка інтэрнэт-рэсурсу «Хартыя97» Наталля Радзіна, а таксама намеснік лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

Галоўны рэдактар «LifeNews» Анатоль Сулейманаў назваў гэтыя лісты качкай.

«Хтосьці спрабуе выкарыстоўваць «Лайф» у мэтах масавага ўкіду», – напісаў Сулейманаў у сваім Twitterы.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары