Міхаіл Касьянаў: Усё больш выглядае на тое, што Расея ідзе шляхам Беларусі


Інтэрв’ю з адным з лідараў расейскай апазіцыі на «Белсаце».

Размова адбылася на канферэнцыі ў Еўрапарламенце, прысвечанай палітыку Барысу Нямцову.

«Белсат»: Міхаіл Міхайлавіч, сёння ў Вялікай залі вярхоўнага заканадаўчага органу аб’яднанай Еўропы няма дзе ўпасць яблыку. Ці здзіўленыя вы такой цікавасцю да Расеі і да вас як прадстаўніка расейскай апазіцыі?

Міхаіл Касьянаў: Я не вельмі здзіўлены. Я меркаваў, што так будзе, бо гэта гадавіна гібелі Барыса Нямцова. У Маскве мы правялі шматтысячны марш. Вялізная колькасць масквічоў выйшла на вуліцы гораду, каб менавіта асудзіць такія падзеі. А менавіта забойства і дэманстратыўную расправу над палітычным лідарам ля сценаў Крамля. У XXI стагоддзі немагчыма сабе ўявіць, што такое магчыма. І, канешне, мы працягваем змагацца за верхавенства правоў чалавека, за тыя ўніверсальныя каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць нас усіх, еўрапейцаў. Расея, як і Беларусь, і Украіна, – гэта неразрыўная частка еўрапейская сям’і. І ў нас сёння ёсць вялікія праблемы. І наша партыя («ПАРНАС») – частка ліберальнай сям’і ў Еўропе. Таму мы сёння ў коле ліберальных палітычных дзеячаў.

Мы лічым, што гэты шлях бясспрэчны: толькі праз вольнасць кожнага грамадзяніна магчыма дасягнуць росквіту, а не праз ціск ці кіраванне пасродкам кармлення з рукі кожнага грамадзяніна адным лідарам. Гэта непрымальна.

«Белсат»: Як вы ацэньваеце вынікі расследавання забойства Барыса Нямцова?

Міхаіл Касьянаў: Расследаванне не скончанае. Заявы расейскіх уладаў, што яно закончанае, – няверныя. Мы нязгодныя. Не знойдзеныя ні арганізатары, ні замоўцы, значыць, забойства не раскрытае. Мы патрабуем дэталёвага расследавання.

«Белсат»: Ілля Яшын з трыбуны Еўрапарламенту назваў кіраўніка Чачэнскай рэспублікі Рамзана Кадырава галоўнай пагрозай бяспецы Расеі. Ці згодныя вы з такой ацэнкай?

Міхаіл Касьянаў: Ёсць даклад, які тлумачыць, чаму Кадыраў з’яўляецца пагрозай Расеі. Таму што ён разбурае ўяўленне пра цывілізаванае грамадства, якое яшчэ засталося.

«Белсат»: Вы ж у сваю чаргу адзначылі, што ў Расеі ўжо не існуе выбараў, а ёсць «імітацыя выбараў». Што вы мелі на ўвазе?

Міхаіл Касьянаў: Тое, што інстытут выбараў у Расеі ў апошнія гады быў імітацыйным.

Гэта значыць, што не было доступу для ўсіх, хто хацеў узяць удзел у выбарах у якасці кандыдатаў, выстаўляліся бар’еры, улады дапускалі толькі тых, каго лічылі патрэбным, на свой погляд. Таму ўсе гэтыя выбары не былі вольнымі. І ў нас дагэтуль няма рэальных выбараў.

Тое, што я сёння казаў, акурат і заклікала нашых партнёраў, каб яны, спасылаючыся на міжнародныя пагадненні, патрабавалі ад расейскіх уладаў правядзення рэальных вольных выбараў.

«Белсат»: А як можна разлічваць на поспех у гульні, дзе няма правілаў? Бо вы адзначылі таксама, што спадзяецеся на поспех на сёлетніх выбарах у Дзярждуму.

Міхаіл Касьянаў: Так, калі мы «праціснем» гэтую сітуацыю, і дэмакратаў дапусцяць да выбараў, іх не здымуць, як звычайна гэта робіцца, то тады мы зможам мабілізаваць дэмакратычна настроеных грамадзянаў на нашую падтрымку. І мы прэтэндуем на прадстаўленне інтарэсаў сярэдняга класу ў расейскім парламенце.

«Белсат»: Імітацыю выбараў мы назіраем у Беларусі даўно, а палітычныя забойствы пачаліся ў нас яшчэ ў далёкім 1999-м. Ці не здаецца вам, што Расея ідзе шляхам Беларусі і што нашая краіна фактычна гэта мадэль развіцця для сучаснай пуцінскай Расеі?

Міхаіл Касьянаў: Усё больш і больш выглядае на тое.

На жаль, шмат рысаў, характэрных для беларускага жыцця, з’яўляюцца і ў Расеі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў