Міхаіл Гарбачоў пра Крым: Я б зрабіў тое самае


Першы і апошні прэзідэнт СССР мяркуе, што далучэнне Крыму да Расеі было правільным рашэннем.

У размове з «The Sunday Times» Міхаіл Гарбачоў адзначыў, што зрабіў бы тое самае, што і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, калі б апынуўся на ягоным месцы. «Я заўсёды за свабодную волю людзей, а большасць у Крыме хацела узʼяднацца з Расеяй», – лічыць Гарбачоў.

Журналіст выдання не паверыў сваім вушам, калі пачуў ад савецкага лідара гэтыя словы, і нагадаў палітыку, што Гарбачоў паспрыяў падзенню Берлінскай сцяны. «Адзіная сапраўдная прычына, праз якую я не стаў бы гэтага рабіць, гэта калі б я надалей быў ва ўладзе, а Савецкі Саюз існаваў і Крым быў бы яго часткай», – падкрэсліў першы прэзідэнт СССР.

У інтэрвʼю Гарбачоў заявіў, што распад СССР для ЗША быў вельмі радаснай падзеяй. «Пад сталом амерыканцы з радасцю паціралі рукі», – сказаў ён. Паводле Гарбачова, ён шкадуе, што «вялікая краіна з велізарнымі магчымасцямі і рэсурсамі знікла». «Большасць расейцаў думаюць, як я: яны не хочуць вярнуць яе, але глыбока шкадуюць, што яна разбурылася», – сказаў на заканчэнне экс-прэзідэнт СССР.

Гарбачоў таксама распавёў пра свае адносіны з Уладзімірам Пуціным, якога раней, як адзначае газета, крытыкаваў за доўгае перабыванне ва ўладзе. «Я нядаўна бачыў Пуціна. У нас заўсёды былі нармальныя адносіны. Цяпер я б не апісаў іх як нармальныя – у нас іх проста няма», – сказаў Гарбачоў.

ЮВ, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў