Міфічная беларуская нафта


Мора нафты – беларуская мара. Кіраўнік краіны дае загад – чыноўнікі вядуць пошук «чорнага золата». Асабліва актыўна перад выбарамі. Аднак ці будзе Беларусь другімі Эміратамі ці Аравіяй? 

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ: «Я не веру, проста не веру, што ў нас няма большых аб’ёмаў нафты».  

Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка напрыканцы ліпеня падчас размовы з міністрам прыродных рэсурсаў і выказаў сваё незадавальненне тэмпам выведкі радовішчаў нафты.

Вынікі не прымусілі доўга чакаць – праз месяц міністр Андрэй Каўхута на прэсавай канферэнцыі адрапартаваў аб выкананні загаду Лукашэнкі. 

АНДРЭЙ КАЎХУТА, МІНІСТР ПРЫРОДНЫХ РЭСУРСАЎ БЕЛАРУСІ: «Адкрылі новае радовішча нафты, якое мае значныя запасы. Цяпер іх падлічваем. Гэтае радовішча аператыўна перададзім здабыўчай кампаніі – «Беларуснафта». 

Але, паводле адмыслоўцаў, давяраць словам чыноўнікаў пра значныя запасы нафты ў Беларусі не варта. Бо аб’ёмы іх настолькі малыя, што за іх кошт можна максімум – гэта скампенсаваць закрыццё старых свідравінаў, якія ўжо вычарпалі запасы.  

УЛАДЗІМІР КОШЧАНКА, БЫЛЫ БРЫГАДЗІР «БЕЛАРУСНАФТА»: «Буму нафтавага не можа быць абсалютна, бо ў Беларусі ўжо ўсё выведалі. Знаходзяць толькі мікраскапічныя радовішчы, якія дрэнна распрацоўваліся ў папярэднія гады». 

За папярэднія 50 гадоў у Беларусі здабылІ каля 128 мільёнаў тонаў нафты. Былі часы, калі ў Беларусі здабывалі каля 8 мільёнаў тонаў нафты штогод, але менавіта з прычыны занадта актыўнага пампавання за савецкім часам, цяпер запасы значна скараціліся, а таму і здабыча з 2007 года ўсталявалася на мяжы крыху больш за паўтара мільёна тонаў нафты на год. Такі аб’ём здабычы не перакрывае нават сваіх патрэбаў, не кажучы ўжо пра экспарт «чорнага золата» на Захад. 

УЛАДЗІМІР КОШЧАНКА, БЫЛЫ БРЫГАДЗІР «БЕЛАРУСНАФТА» : «Пяць мільёнаў тонаў нафты неабходныя Беларусі, каб сябе абслугоўваць. Але Беларусь здабывае штосьці каля 30 адсоткаў сама, ці нават менш за 30 адсоткаў».

Таму застаецца толькі марыць, калі нашая краіна стане нафтавым раем, як, напрыклад, Саудаўская Аравія. Якая, дарэчы, за дзень здабывае столькі нафты, колькі Беларусь за ўвесь год.

 Аперацыю пад умоўнаю назваю «мора нафты» Лукашэнка і міністры здзейснілі ў самы разгар перадвыбарчай кампаніі. Таму эксперты не выключаюць, што адразу пасля выбараў пытанне пра знойдзенаю нафту паступова знікне, як і іншыя шматлікія абяцанні кіраўніка Беларусі.

 Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў