Міф пра беларускую мэблю


На падтрыманне мэблявікоў дзяржава выдаткоўвае больш, чым на культуру, адукацыю і сацыяльныя выдаткі разам узятыя. Але прадпрыемствы застаюцца стратнымі.

Насуперак эканамічнаму крызісу, вытворчасць мэблі ў Беларусі дынамічна развіваецца. Гэтак, прынамсі, сцвярджае дзяржаўны канцэрн «Беллеспаппрам». Паводле старшыні канцэрну Міхаіла Каська, за апошнія пяць гадоў вытворчасць мэблі ў нашай краіне павялічылася ўдвая (у рублёвым эквіваленце).

Паводле «Беллеспаппраму», мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай вытворчасці дала плён. Дзякуючы ўвядзенню новых магутнасцяў, дрэваапрацоўчыя заводы пачалі вырабляць гэтак званыя стружкавыя пліты МДФ і пастаўляць іх айчынным вытворцам мэблі.

Каб азнаёміцца з цудадзейнымі плітамі МДФ, мы выправіліся на адзін з дрэваапрацоўчых заводаў у Менскай вобласці. Тут яны выкарыстоўваюцца перадусім, каб вырабляць дзверы. Вось толькі нават на такім дзяржаўным прадпрыемстве, як гэтае, пліты для вытворчасці па-ранейшаму імпартуюцца, перадусім – з Румыніі. Рэч у тым, што айчынныя дзяржаўныя вытворцы плітаў не маюць абсталявання для адпаведнага пакрыцця паверхні, таму вырабы атрымліваюцца напаўсырыя. Выкарыстаць такія пліты можна толькі для мэблі вельмі нізкага коштавага сегменту. А на яе практычна няма попыту.

«Планавалася, што акурат у выніку мадэрнізацыі прадпрыемствы будуць вырабляць прадукцыю менавіта з высокаю дададзенаю вартасцю. Але ў рэчаіснасці выявілася, што разуменне гэтага параметра ў тых, хто прымаў рашэнне, і ў рынку – абсалютна адрознае», – кажа шэф-рэдактар «Экономической газеты» Леанід Фрыдкін.

У наладжванне на айчынных дзяржаўных заводах вытворчасці плітаў МДФ дзяржава за апошнія пяць гадоў уклала каля паўтара мільярда долараў.

Яшчэ чвэрць мільярда – накіравалі на фінансавае падтрыманне стратных заводаў на час мадэрнізацыі. Агулам гэта больш, чым у сёлетнім бюджэце запланавана на разам узятыя культуру, адукацыю і сацыяльныя выдаткі.

Сёння заводы па-ранейшаму стратныя. Іх перадалі для ратавання Банку развіцця, які дазволіў прадаваць прадукцыю ніжэй за сабекошт. Розніца кампенсуецца за кошт сродкаў падаткаплатнікаў. Яшчэ ў 2012 годзе, назіраючы бесперспектыўнасць укладзеных у дрэваапрацоўванне інвестыцыяў, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што трэба было запрасіць пяць-10 замежнікаў, «калі самі не гатовыя».

«Нам гэта танней бы абышлося. Якія б узялі вас за руку і пачалі б вадзіць па прадпрыемстве», – заяўляў прэзідэнт.

Замежнікі прыйшлі самі. Але замест таго, каб мець справу з непаваротлівымі дзяржаўнымі інстанцыямі, аўстрыйскі прыватны канцэрн «Kronospan» самастойна пабудаваў у Беларусі два новыя заводы. Пліты МДФ, вытворчасць якіх кампанія наладзіла без усялякай дзяржаўнай дапамогі, рэнтабельна экспартуюцца. Адмыслоўцы канстатуюць: прычына ў тым, што чыноўнік ніколі ня будзе распараджацца грашыма падаткаплатнікаў, то бок чужымі, гэтак жа эфектыўна, як прыватнік абыходзіцца са сваймі ўласнымі сродкамі.

«У нас калі бяруцца мадэрнізаваць нейкую галіну, паводле ўказання зверху, сыходзяць з таго, што рынак, безумоўна будзе расці і прадукцыя на ім, безумоўна, будзе запатрабаваная. Але, пры гэтым ніяк ня ўлічваюцца ніякія рызыкі», – лічыць Леанід Фрыдкін.

Але калі айчынныя пліты МДФ з дзяржаўных заводаў не падыходзяць вытворцам ані ў цане, ані ў якасці, як жа яны здолелі спрычыніць згаданы бум у вырабе мэблі? Адказ у тым, што ніякага буму насамрэч няма. А лічбы, дэклараваныя дзяржаўнымі чыноўнікамі, – статыстычная маніпуляцыя.

Павелічэнне вытворчасці мэблі ўдвая, пра якое кажуць функцыянеры «Беллеспаппраму», вымалёўваецца, толькі калі лічыць у рублях без уліку інфляцыі. Фізічныя ж абʼёмы вытворчасці мэблі ў Беларусі за апошнія пяць гадоў, наадварот, удвая скараціліся.

Станіслаў Івашкевіч

Стужка навінаў