Металалом і мяса – самая папулярная кантрабанда, якую вывозяць з Беларусі


З Беларусі тонамі вывозяць каляровыя і чорныя металы ды ялавічыну, паведамляе Камітэт дзяржаўнага кантролю.

З праверак Камітэту дзяржаўнага кантролю вынікае, што ў Беларусі надзвычай папулярны нелегальны збор металалому, які пазней вывозяць на продаж у Расею, паведамляюць naviny.by са спасылкай на БелаПАН.

Падчас кантролю ў Веткаўскім раёне працаўнікі Камітэту спынілі спробу вывазу лому каляровых і чорных металаў агульнай вагой больш за 8 тон і коштам больш за Br 62 млн. Металалом везлі ў чатырох мікрааўтобусах жыхары Гомля, якія раней траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў за незаконную нарыхтоўку і перавоз металалому. Прычым сярод металёвых адходаў былі вырабы, якія забаронена скупляць у насельніцтва ў якасці металалому.

У дачыненні гамельчукоў завялі чатыры адміністрацыйныя справы ды арыштавалі металалом разам з мікрааўтобусамі. Эканамічны суд пастанавіў пакараць правапарушальнікаў штрафам ад 12 да 40 базавых велічыняў (ад Br 2 млн 160 тыс. да Br 7 млн. 200 тыс) з канфіскацыяй у прыбытак дзяржавы металалому.

Як адзначылі ў прэс-службе Камітэту дзяржаўнага кантролю, у апошні час фінансавая міліцыя ўсё часцей сутыкаецца і з фактамі вывазу ў Расею прадуктаў харчавання, легальнасць паходжання якіх выклікае сумневы. Як правіла, на такія прадукты адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджаюць якасць тавараў.

Напрыклад, працаўнікі Камітэту па Гомельскай вобласці ў Веткаўскім раёне на дарозе ў Расею спынілі цяжкавік з Берасцейскай вобласці. Прадстаўнікам фінансавай міліцыі паказалі дакументы, якія сведчылі аб перавозцы ялавічыны агульнай вагой 9,5 тоны ў адну з памежных вёсак Веткаўскага раёну. Аднак праверка паказала, што звесткі ў дакументах былі несапраўдныя, а мяса, хутчэй за ўсё, везлі ў Расею. Тавар агульнай вагой больш за 10 тон і коштам Br 220 млн., а таксама цяжкавік – арыштаваныя.

У дачыненні да прадпрыемства, якое парушыла парадак перавозу мяса, складзены пратакол адміністратыўнага парушэння.

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары