Месяц да выбараў: колькі Лукашэнак ідзе на выбары?


Хочуць жыць як у Еўропе, але Лукашэнку не крытыкуюць. Кандыдаты на прэзідэнцтва прэзентавалі сёння свае праграмы. Вось толькі ці ўяўляюць яны хоць нейкую альтэрнатыву дзейнаму кіраўніку краіны?

За месяц да дня галасавання кандыдаты на прэзідэнцтва так і не пачалі адказваць на галоўнае пытанне, чым яны адрозніваюцца ад Лукашэнкі. Ветэран беларускіх выбараў Сяргей Гайдукевіч наагул заявіў, што ўхваляе палітыку дзеючага ўраду, хаця і прызнаў, што пасля выбараў сітуацыя будзе горш.

СЯРГЕЙ ГАЙДУКЕВІЧ, КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНЦТВА

«На сённяшні момант тыя дзеянні, якія адбываюцца ва ўрадзе і Цэнтрабанку мяне асабіста задавальняюць, што яны будуць рабіць далей, а далей у нас самы складаны перыяд, я маю на ўвазе пачатак лістапада, і якія меры прапануе ўрад – будзем глядзець».

Раней вядомы сваёй прарасейскай пазіцыяй Сяргей Гайдукевіч сёлета змяніў рыторыку.

«Трэба глядзець не толькі ў бок Расеі, але і Еўразвязу. Там тэхналогіі перадавыя!»

Таццяна Караткевіч, пакуль безвынікова кліча пад свае сцягі актывістаў іншых дэмакратычных арганізацыяў, сёння змясціла асноўныя пункты сваёй праграмы ў інтэрнэце.

Шэраг каментатараў па невыканальнасці параўноўвае гэту праграму з праграмай Аляксандра Лукашэнкі – узору 1994 году.

ВІТАЛЬ ЦЫГАНКОЎ, АГЛЯДАЛЬНІК РАДЫЁ «СВАБОДА»:

«У праграме Таццяны Караткевіч шмат кручкоў для масавага выбарцаў. Але няма нічога пра геапалітычны выбар Беларусі, пра дзяржаўнасць мовы, пра нацыянальныя сімвалы».

Кіраўнік краіны сваю праграму пакуль не надрукаваў, больш за тое, не спяшаецца праводзіць усебеларускі сход. Частка назіральнікаў лічыць, што тым самым Лукашэнка дэманструе: яму ніхто не канкурэнт. Але ёсць і адваротнае меркаванне, пра тое што на фоне невыканання старых абяцанняў кіраўніку краіны сёлета няма пра што казаць выбарнікам. Можа таму, выбары ўспрымаюцца перадусім не як механізм змены ўлады, а як абавязак.

Увесь гэты спакой парушыў экс-кандыдат на прэзідэнцтва і нядаўні палітвязень Мікола Статкевіч. Палітык заклікаў у наступную сераду выбарнікаў на сход у цэнтры Менску, каб абмеркаваць вынікі 21-гадовага кіравання Лукашэнкі.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»

Стужка навінаў