Меркель сёння ляціць у Сочы, а Трамп тэлефануе Пуціну


Сёння канцлер Нямеччыны Ангела Меркель ляціць у Сочы з афіцыйным візітам да прэзідэнта Расеі, а Дональд Трамп будзе размаўляць з Пуціным па тэлефоне.

Візіт Ангелы Меркель у Расею будзе першым з траўня 2015 году, калі яна наведала Маскву ў час найбольшага напружання паміж Расеяй і Захадам па пытаннях Украіны. З таго дня Пуцін і Меркель бачыліся на міжнародных сустрэчах, а таксама размаўлялі па тэлефоне ў «нармандскім» фармаце разам з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнка і прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.

Паездка канцлера Нямеччыны ў Расею азначыць узнаўленне дыялогу і намер абедзвюх бакоў да супрацоўніцтва.

«Есць два пытанні, якія шкодзяць адносінам паміж нашымі дзвюма краінамі: першае – гэта супрацьпраўная анексія Крыму Расеяй, а таксама дэстабілізацыя ўсходніх частак Украіны праз падтрымку сепаратыстаў», – кажа прэсавы сакратар Ангелы Меркель Стэфан Сайберт, анансуючы гэты візіт. «Кантэкст цяжкі, нельга забываць на гэта. Але наш намер – дзейнічаць такім чынам, каб дасягнуць канструктыўных дамоўленасцяў з Расеяй».

Прэсавая канферэнцыя з удзелам Пуціна і Меркель павінна адбыцца а 12:30 па еўрапейскім часе.

У гэты ж дзень амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп будзе мець тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным. Пра гэта паведамляюць прэсавыя службы Белага дому і Крамля. Пра што будзе весціся размова, невядома.

Трамп і Пуцін размаўлялі па тэлефоне ўжо двойчы з пачатку тэрміну новага амерыканскага прэзідэнта, што пачаўся ў студзені 2017-га.

ВЧ, belsat.eu паводле afp.com

Стужка навінаў