Мэркель: Пуцін націснуў на сепаратыстаў у пытанні спынення агню


Уладзімір Пуцін аказаў націск на прарасейскіх сепаратыстаў, каб спынілі агонь апоўначы 15 лютага, гаворыцца ў заяве канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель паводле вынікаў менскай сустрэчы лідараў «нармандскай чацвёркі», апублікаванай на сайце федэральнага ўраду Нямеччыны.

Згодна са словамі Мэркель, вынікі сустрэчы даюць пэўныя надзеі, але ніякіх ілюзіяў наконт гэтага ў яе няма.

Удзельнікі саміту дамовіліся аб усеагульным выкананні менскіх пагадненняў, аднак «для гэтага павінны быць зробленыя канкрэтныя крокі, і наперадзе яшчэ шмат перашкодаў», сказала канцлер. «У мяне няма ніякіх ілюзій, наперадзе яшчэ вельмі шмат працы, але ёсць рэальны шанц палепшыць сітуацыю. Нямеччына і Францыя паказалі, што яны могуць зрабіць унёсак у мірны працэс разам з усёй Еўропай», – дадала яна.

«Мы, як лідары нармандскага фармату, узялі на сябе абавязальніцтвы кантраляваць працэс выканання пагаднення і зрабіць усё, што ў нашых сілах, для яго прасоўвання. Я чакаю, што такія намаганні спатрэбяцца», – зазначыла Мэркель.

У сваю чаргу прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд падкрэсліў: усёабдымнае палітычнае пагадненне, да якога прыйшлі ўдзельнікі менскіх перамоў, «уключае ўсе спрэчныя пытанні, пачынаючы ад перамір‘я, спынення агню і кантролю за межамі аж да пытання дэцэнтралізацыі і адводу цяжкіх узбраенняў і аднаўлення эканамічных адносінаў».

«Уся Еўропа ўзяла на сябе абавязальніцтвы падтрымліваць гэты працэс. Сёння ў другой палове дня мы ўдзельнічаем у пасяджэнні рады ў Бруселі (саміт ЕЗ – БелаПАН). Мы зробім усё для таго, каб Еўропа падтрымлівала гэты працэс. Хаця мы яшчэ і не ўсяго дасягнулі, у нас ёсць надзея для Украіны і ўсёй Еўропы. І мы яшчэ раз паказалі, што нямецка-французскі тандэм у стане зрабіць штосьці, што прывядзе да міру», – запэўніў Алянд.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў