Мэркель папярэдзіла, што прыток мігрантаў зменіць Нямеччыну


Канцлер Нямеччыны назвала ашаламляльным прыток мігрантаў у Еўропу, паведамляе bbc.com.

Ангела Мэркель паабяцала, што ўлады краіны паскораць працэдуру афармлення прытулку для ўцекачоў і выдзеляць дадатковыя сродкі на дапамогу бежанцам, але падкрэсліла, што самастойна Нямеччына не зможа вырашыць гэтую праблему, і заклікала чальцоў ЕЗ прыняць такія ж захады.

Нямеччына ўжо выдзеліла € 6 млрд. на будаўніцтва лагераў для 150 тыс. бежанцаў. Таксама будуць выдзелены дадатковыя сродкі на праграмы па вывучэнню мовы і на праграмы інтэграцыі ды сацыялізацыі мігрантаў.

Варта адзначыць, што адмысловая праграма прадугледжвае і павелічэнне колькасці паліцэйскіх на 3 тысячы чалавек.

Паводле Ангелы Мэркель, Нямеччына «гатовая прыняць у сябе новых жыхароў», але прыйшоў час і Еўрапейскаму звязу актыўна ўключыцца ў вырашэнне міграцыйнага крызісу.

Чытайце таксама >>> На прыём уцекачоў сёлета Нямеччына выдаткуе каля 10 млрд еўраў

Чакаецца, што ў гэтым годзе ў Нямеччыну прыбудзе каля 800 тысяч мігрантаў. Толькі за мінулыя выходныя Нямеччына прыняла каля 20 тысяч асобаў – галоўным чынам уцекачы з Сірыі ды іншых краінаў Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, якія дабраліся да Заходняй Еўропы праз Вугоршчыну.

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў