Мэркель не збіраецца ў Маскву на парад Перамогі, але не хоча скандалу


Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель вырашыла адмовіцца ад прыезду ў Маскву на парад, прысвечаны 70-годдзю перамогі Расеі ў ІІ сусветнай вайне, піша нямецкая газета «Die Zeit», спасылаючыся на блізкія да канцлера крыніцы.

Па словах крыніцы выдання, Мэркель прыняла рашэнне не ехаць у Маскву на парад некалькі дзён таму. Адмова ад прыняцця ўдзелу ў імпрэзе адбылася на тле канфлікту на ўсходзе Украіны і ролі Расеі ў ім.

«Калі б Мэркель усё ж прыехала ў Маскву на 9 траўня, то гэта абразіла б урад Украіны», – піша нямецкая газета.

«Цяжка ўявіць, што Мэркель удзельнічае ў парадзе, на якім будуць прадстаўлены танкі, якія, магчыма, выкарыстоўваюць ва Усходняй Украіне», – сказана ў артыкуле.

Ангела Мэркель пагадзілася прыбыць у Маскву 10 траўня, каб пазбегнуць скандалу. Разам з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным яна ўскладзе кветкі да магілы Невядомага жаўнера.

Апошні раз Мэркель была ў Маскве на парадзе Перамогі ў 2010-ым годзе. Раней свой удзел, па словах кіраўніка Міністэрства замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова, пацвердзілі 20 замежных лідараў, сярод якіх і лідар КНДР Кім Чэн Ын.

МЯ, belsat.eu, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў