Мэр Менску: браць у паездкі сына Мікалая – права Лукашэнкі як бацькі


Давераная асоба кіраўніка Беларусі Андрэй Шорац правёў сустрэчу з выбарцамі. Некаторым з іх ён прапанаваў з’ехаць з краіны.

Падчас сустрэчы з выбарцамі, якая прайшла ў актавай залі менскай школы №120 давераная асоба кіраўніка Беларусі Андрэй Шорац пракаментаваў замежныя паездкі Аляксандра Лукашэнкі з сынам Мікалаем, піша sputnik.by.

Адна з жанчын, якая прыйшла на сустрэчу, запыталася ў чыноўніка, ці не сорамна яму за краіну, кіраўнік якой возіць з сабой няпоўнагадовага сына на афіцыйныя імпрэзы.

«Напэўна, гэта права ўсіх бацькоў», – адказаў Шорац. Жанчына паспрабавала падыскутаваць з мэрам, на што чыноўнік рэзка адрэагаваў: «Калі ў Завадскім раёне Менску гэта самая галоўная праблема, якая хвалюе, гэта сын Аляксандра Рыгоравіча, тады вы нядрэнна жывяце».

Мэр сталіцы заклікаў усіх, каму сорамна за краіну і яе кіраўніцтва, лічыцца з выбарам тых, хто падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.

«Калі вы ў меншасці, і вас не задавальняе краіна, то вы можаце змяніць месца жыхарства, з’ехаўшы туды, дзе вам не будзе сорамна».

ЮВ, belsat.eu, паводле sputnik.by

Стужка навінаў