Менскія перамовы: чарговая спроба


Трохбаковая кантактная група спадзяецца зацвердзіць у Менску дакумент аб спыненні агню і адводзе цяжкага ўзбраення ў Данбасе.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка сустрэўся з удзельнікамі кантактнай групы – прадстаўніком АБСЕ Гайдзі Тальявіні, былым прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам і амбасадарам Расеі ва Украіне Міхаілам Зурабавым, каб «абмяняцца меркаваннямі ў самых неадкладных пытаннях, што датычаць дээскалацыі сітуацыі ў некаторых раёнах Данецкай і Луганскай абласцей».

«Напярэдадні кансультацый у Менску трохбаковая група зыходзіла з разумення, што наступныя практычныя крокі павінны быць дасягнутыя: абавязальнае пагадненне адносна неадкладнага спынення агню і адводу цяжкага ўзбраення ад лініі сутыкнення згодна з менскім мемарандумам ад 19 верасня 2014 года; адсутнасць абмежаванняў для пастаўкі асноўных тавараў і гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя раёны Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама адчувальны прагрэс у вызваленні закладнікаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі прэс-службы, распрацаваны дакумент «можа быць падпісаны заўтра» (дата не ўдакладняецца, паведамленне было разасланае ў ноч з 30 на 31 студзеня). Ён утрымлівае спіс канкрэтных крокаў, распрацаваных для ўкаранення вышэйпералічаных прыярытэтных задач для дээскалацыі сітуацыі.

«Кантактная група гатова адправіцца ў Менск заўтра, каб правесці чарговы раўнд кансультацый і завяршыць узгадненне дакументаў з падпісантамі менскіх дамоўленасцяў ад 5 і 19 верасня, нацэленых на ўкараненне мірнага плана прэзідэнта Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, ад імя самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік менскія дамоўленасці падпісвалі Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі.

БелаПАН / МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў