Менскія перамовы: чарговае спыненне агню – ад 1 верасня?


Украіна і прарасейскія сепаратысты пагадзіліся з неабходнасцю поўнасцю спыніць узаемныя абстрэлы ад 1 верасня.

«Трохбаковая кантактная група лічыць важным і неабходным, з улікам пачатку новага навучальнага году, дамагчыся ўстойлівага спынення агню на ўсёй ліні сутыкнення. Бакі дамовіліся 1 верасня сумесна спраўдзіць ці сапраўды будзе рэалізаваная дадзеная ініцыятыва», – заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік.

«Рэжым цішыні», які быў абвешчаны некалькі месяцаў таму, штодзённа парушаецца. Украінскае войска і сепаратысты выкарыстоўваюць у сутычках стралковую зброю, бранятэхніку а таксама артылерыю. Абодва бакі выстаўляюць узаемныя абвінавачванні ў правакацыях.

«Прагучала досыць цікавае і ўзважанае рашэнне ад 1 верасня поўнасцю спыніць абстрэлы. Гэтая прапанова атрымала водгук практычна з усіх бакоў. Сёння ёсць надзея, што 1 верасня нам атрымаецца спыніць узаемныя абстрэлы», – паведаміў журналістам прадстаўнік «ЛНР» Уладзіслаў Дайнэга.

Ад пачатку ваенных дзеянняў на Данбасе загінулі больш за 6 500 асобаў, у тым ліку значная колькасць цывільнага насельніцтва.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў