Менскія перамовы: бакі дамовіліся аб спыненні агню на час святаў


фота mediarnbo.org

Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе і прадстаўнікі ДНР і ЛНР на перамовах у Менску ўзгаднілі новае перамір’е, якое павінна ўступіць у сілу з поўначы 23 снежня.

Пра гэта паведаміла Дарка Оліфер, прэс-сакратар Леаніда Кучмы, які прадстаўляе Украіну ў ТКГ.

«Трохбаковая кантактная група з удзелам прадстаўнікоў ОРДЛО падкрэслівае неабходнасць забеспячэння міру і спакою ў сувязі з надыходзячымі каляднымі і навагоднімі святамі і, карыстаючыся раней дасягнутымі дамоўленасцямі і абавязацельствамі бакоў, у прыватнасці, пацвярджае іх прыхільнасць захаванню ўсёабдымнага, устойлівага і бестэрміновага рэжыму спынення агню, пачынаючы з поўначы 23 снежня 2017 па кіеўскім часе», – напісала Оліфер у Facebook.

Таксама бакі пацвердзілі намер правесці абмен закладнікамі да святаў.

Украінскі бок асобна выказаў абурэнне аднабаковым рашэннем Расеі вывесці сваіх прадстаўнікоў з Сумеснага цэнтру па кантролі і каардынацыі. Такі крок супярэчыць абавязацельствам РФ у рамках Нармандскага фармату і Менскага працэсу і ўжо прывёў да абвастрэння на фронце.

Нагадаем, паводле дадзеных штабу АТА, 19 снежня баевікі ДНР і ЛНР здзейснілі 32 абстрэлы. У выніку баявых дзеянняў двое вайскоўцаў загінулі, шасцёра былі параненыя, праводзілася эвакуацыя мясцовых жыхароў з населенага пункту Навалуганскае.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары