Менскія дактары зарабілі на замежніках за тры месяцы $ 2,5 млн


Рынак экспарту медычных паслугаў не збаўляе абаротаў у параўнанні з мінулым годам. Толькі за першыя тры месяцы 2016 года менскія трансплантолагі і дантысты напрацавалі на $ 2,5 млн. Для параўнання, у 2015 годзе сталічныя дактары зарабілі на замежніках $ 10 млн.

Паводле старшыні камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча, у параўнанні з 2010 годам паказнік экспарту медычных паслуг павялічыўся ў 6 разоў.

«Традыцыйна найбольшы ўклад у развіццё медычнага турызму ўносіць 9-я гарадскі клінічны шпіталь, на базе якога працуе РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак. Да нас едуць і на эндапратэзаванне тазасцегнавых і каленных суставаў, лазерныя аперацыі ў афтальмалогіі. Поспехам у замежных пацыентаў карыстаюцца і стаматалагічныя паслугі».

Транспланталогія, траўматалогія і артапедыя, гематалогія, афтальмалогія, стаматалогія ў прыярытэце ў замежных кліентаў, большасць з якіх прыязджае з постсавецкай прасторы.

У 2015 годзе на першае месца выйшла Украіна, хоць раней заўсёды была Расея. Нядаўна Міністэрства аховы здароўя Беларусі вызначыла мэтавыя краіны ў развіцці медычнага турызму – Расея, Украіна, Казахстан, Грузія, Азербайджан, Літва.

У 2015 г. у медустановах нашай краіны аказалі дапамогу каля 170 тысячам замежнікам са 121 краіны.

ДР, belsat.eu паводле minsknews.by

Стужка навінаў