Менскі токар пагражаў сям’і самаробнай выбухоўкай


Самаробная выбухоўка

У абед 9 траўня мужчына набраў «102» і распавёў, што ягоны бацька пагражае прадметам, падобным на гранату.

Пра інцыдэнт распавяла афіцыйны прадстаўнік Фрунзенскага РУУС Менску Наталля Аскірка.

У кватэру жылога дому па вуліцы Каменнагорская, дзе разыгралася небяспечная сцэна, прыбылі міліцыянты. Яны затрымалі буяна, якім аказаўся 54-гадовы токар.

Падчас агляду кватэры былі знойдзеныя тры металічныя прадметы, вонкава яны вельмі нагадвалі выбуховае прыстасаванне. Сапёрна-піратэхнічная група в/ч 5448 усталявала, што знойдзеныя прадметы імаверна з’яўляюцца самаробнымі выбуховымі прыстасаваннямі, бо адным з рэчываў, што знаходзілася ўзнутры, быў порах. Прызначаная экспертыза.

Падчас высвятлення абставінаў інцыдэнту, выявілася, што паміж затрыманым мужчынам, які знаходзіўся ў стане алкагольнага апянення, яго былой жонкай і сынам адбыўся канфлікт.

«Супраць затрыманага распачалі крымінальную справу за пагрозу забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў альбо знішчэннем маёмасці. Яму можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да двух гадоў», – распавёў намеснік начальніка Фрунзенскага РУУС па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Аляксандр Андрыеўскі.

Раней мужчына да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў