Менскі школьнік напаў на настаўніцу расейскай мовы і параніў яе нажом


Настаўніца расейскай мовы менскай гімназіі №74. Фота з сацсетак

Інцыдэнт здарыўся 23 траўня ў гімназіі № 74 у Кастрычніцкім раёне Менску.

57-гадовую настаўніцу расейскай мовы і літаратуры Валянціну Уладзіміраўну закрылі ў адным з класаў. Пацярпелай спрабаваў дапамагчы настаўнік працы. Ён спрабаваў сякерай узламаць дзверы кабінету.

Паводле Следчага камітэту, яна па тэлефоне паведаміла сваёй дачцэ, што адзін са старшакласнікаў некалькі разоў ударыў яе нявысветленым вострым прадметам, які следчыя пакуль не знайшлі.

Па адной з версіяў, нападнікаў было чатыры. Трое трымалі яе, патрабавалі, каб яна прасіла прабачэння за здзекі над дзецьмі, адзін стаяў з нажом.

Аднак у Следчым камітэце чуткі пра чатырох вучняў і настаўніка працы з сякераў інфармацыю зняпраўдзілі.

«У кабінеце педагог і вучань знаходзіліся ўдвох – гэта вызначаны факт», – адзначыў кіраўнік прэс-службы ведамства Сяргей Кабаковіч.

Жанчына атрымала раненні, у тым ліку і ў шыю. Яе шпіталізавалі, прагнозаў аб стане ейнага здароўя медыкі не даюць – яна згубіла шмат крыві. Пацярпелая ўжо прыйшла ў сябе, але знаходзіцца ў стабільна-цяжкім стане. У СК спадзяюцца, што сёння яна зможа паразмаўляць са следчымі.

Падазраванага забралі ў міліцыю, на яго заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу аб замаху на забойства.

Ахвяра здарэння – настаўніца вышэйшай катэгорыі, педагагічны стаж – 25 гадоў, вядзе платны гурток «Падрыхтоўка да ЦТ па расейскай мове» і факультатыў «Практычная стылістыка расейскай мовы».

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары