Менскі РУУС распавёў сваю версію збіцця журналіста tut.by


На афіцыйнай старонцы менскай міліцыі зʼявілася паведамленне пра патасоўку ў Фрунзенскім судзе падчас разгляду справы графіцістаў.

Паводле прэс-службы менскай міліцыі, калі два актывісты, Павел Сяргей і Максім Шыцікаў, зладзілі акцыю салідарнасці з абвінавачанымі, суддзя вынесла папярэджанне, але тыя не адрэагавалі. Тады «паводле ўказання суддзі працаўнік міліцыі прапанаваў гэтым грамадзянам пакінуць памяшканне».

Праваахоўнікі заяўляюць, што актывісты аказвалі супраціўленне і таму ў дачыненні іх прамянілі сілу.

Што да журналіста tut.by Паўла Дабравольскага, то, паводле міліцыянтаў, ён «пранік у службовае памяшканне, дзе знаходзіліся парушальнікі правапарадку, перашкаджаў законным дзеянням працаўнікоў міліцыі, на заўвагі і патрабаванні спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў».

Пра збіццё журналіста менская міліцыя маўчыць. Павал Дабравольскі распавёў медыям, што некалькі амапаўцаў збівалі яго нагамі 20 хвілін. У хлопца было пасведчанне журналіста, на якое праваахоўнікі не звярнулі ўвагі. У Дабравольскага забралі тэлефон, а ўсе дадзеныя сцерлі.

Пасля двух актывістаў і журналіста адвезлі ў РУУС, дзе склалі адміністрацыйныя пратаколы па артыкулах «Непавага да суда» і «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы». Сяргея, Шыціка і Дабравольскага зноў прывезлі ў суд, каб прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Максіма Шыціка пакаралі штрафам у 45 базавых велічынь (9 450 000 рублёў), Паўла Сяргея – штрафам у 50 базавых велічынь (10 500 000 рублёў). Журналісту Паўлу Дабравольскаму прысудзілі штраф 45 базавых велічынь (9 450 000 беларускіх рублёў). Працэс вяла Марыя Ярохіна.

Чытайце таксама: У судзе па «справе графіцістаў» абвешчаны перапынак да пятніцы

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў