Менскі адказ «Газпрому». Козыры самыя ідуць у рукі Лукашэнку?


Расея лічыць, што Беларусь недаплаціла сёлета за газ 125 млн. Менск даўгі не прызнае і патрабуе зніжку. Нечакана Менск можа ўмацаваць свае пазіцыі ў газавых спрэчках.

Новыя перамовы – новыя кошты?

З пачатку года Беларусь кажа пра несправядлівасць актуальнай цаны на блакітнае паліва з Расеі. Беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў заявіў пра тое, што кошт расейскага газу для Менску мусіць быць на ўзроўні 73 долары, аднак а ні гэтыя заявы, а ні перамовы пакуль не прынеслі вынікаў – Расея па-ранейшаму разлічвае кошт газу для Беларусі па 132 долары за тысячу кубаметраў.

Прэс-служба Міністэрства энергетыкі Беларусі паведамляе, што ў Маскве неўзабаве маюць адбыцца чарговыя перамовы па пытаннях коштаў на газ. Афіцыйны Менск настойвае на найхутчэйшым пераходзе разліку коштаў на падставе раўнадаходнасці. Для Беларусі гэта азначае ніжэйшыя цэны. Масква не адмаўляе такой магчымасці, аднак і доўг спісваць не спяшаецца.

«Расея змусіць Беларусь вярнуць гэты доўг, бо гэта пытанне палітычнае, а не эканамічнае. Безумоўна Менск просіць спісаць даўгі, спасылаючыся на Еўразійскі саюз, але Расея за дарма не хоча фінансаваць Беларусь, якая знаходзіцца ў крытычным стане», – заявіў у праграме «Гарачы каментар» палітолаг Павел Усаў.

Козыр першы – беларускі суд

На пачатку траўня «Газпром» звярнуўся ў Міжнародны арбітражны суд пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце ў сувязі з недаплатаю за газ дзяржаўнымі прадпрыемствамі Беларусі.

«Няма ніякага доўгу. Беларусь плаціць у адпаведнасці з дамовамі. Вось у судзе і будзем разбірацца з гэтым пытаннем», – заявіў міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык.

Якое рашэнне можа вынесці падкантрольны суд у Беларусі, калі разглядаецца справа «коштам» у мільёны долараў? Шанцы ў «Газпрому», імаверна, невялікія.

Козыр другі – манапаліст губляе пазіцыі

Расея страчвае яшчэ адну пазіцыю – газавага манапаліста ў Еўропе. Гаворка пра трубаправодныя пастаўкі. У грэцкіх Тэсалёніках у аўторак урачыста заклалі ТАП – Трансадрыятычны газаправод. Труба праз Адрыятычнае мора ад Грэцыі да Італіі насамрэч паўплывае на агульнаеўрапейскі газавы рынак, ды нават на Беларусь.

Чым менш манаполія «Газпрому» у Еўропе, тым большую зніжку на газ можа выгандляваць Менск. Больш за тое, тэарэтычна Беларусь можа падключыцца да агульнаеўрапейскага рынку, калі дабудаваць дабудаваць газаправод з Вільні.

«Літва можа прывезці звадкаваны газ праз газавы тэрмінал у Клайпедзе, і можа гандляваць ім з суседнімі краінамі. Не толькі з Латвіяй і Эстоніяй, але і з Польшчай, і з Беларуссю», – зазначае Лінас Каяла, палітолаг Цэнтру даследаванняў Усходняй Еўропы (Вільня).

Незалежнасць ад «Газпрома».

Чытайце таксама: У Літвы можа атрымацца, а ў Беларусі?

Тэарэтычна, пасля 2020-га года Беларусь зможа купляць нават азербайджанскі газ на агульнаеўрапейскім рынку з дапамогай кантрактаў абмену. Газ трапляе ў Італію, а Беларусь праз Літву адбірае такі ж абʼём. Расея застаецца ні пры чым.

Трэці козыр – «Развярнуць трубу»

Госць праграмы «ПраСвет» не выключае, што ў выпадку крызісу газаправод на спалучэнні Беларусь-Польшча можна «развярнуць».

«Газаправоды працуюць у два бакі, гэта стандартны элемент. І газ можа паступаць у іншым кірунку, хоць, канешне, і не пад такім ціскам. Але гэта магчыма», – падкрэсліў Шчэсьняк

Вядома, што такое развіццё падзеяў – вельмі тэарэтычнае і магчымае толькі ў выпадку татальнай энергетычнай аблогі з боку Расеі. Тым не менш, нават пабудова АЭС за расейскія ж грошы – можа быць спробаю дыверсіфікацыі крыніцаў энергіі.

«Калі запрацуе беларуская АЭС, то патрэбы ў дарагім газе зменшацца. Але Беларусь – выключная краіна ў Еўропе. Тая ж Польшча мае вугаль і энергетычную незалежнасць, а Беларусь – гэта энергетычная пустэльня, яна ўсё мусіць імпартаваць. Гэта класічны прыклад энергетычнай залежнасці, параўнальны з прыкладам Японіі», – дадаў суразмоўца.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў