Менская міліцыя заявіла пра затрыманне маньяка, які нападаў на жанчын у Серабранцы


Ноччу 3 лютага аператыўнікі ГУУС Менгарвыканкаму затрымалі 26-гадовага хлопца, які падазраецца ў здзяйсненні нападаў на жанчын у сталічным мікрараёне Серабранка.

Пагражаючы нажом, зламыснік спрабаваў згвалціць сваіх ахвяраў, а таксама завалодаць іх маёмасцю. Сёлета ў студзені ў лясным масіве на вуліцы Якубава маньяк згвалціў 18-гадовую дзяўчыну, а ў дачыненні да яшчэ двух жанчын спробы нападу не былі даведзены да канца па прычыне ўмяшання мінакоў.

3 лютага ноччу на ​​вуліцы Малініна ў поле зроку супрацоўнікаў міліцыі трапіў хлопец, які быў падобны па прыкметах на маньяка. Пры правядзенні асабістага ператрусу ў маладога чалавека быў знойдзены кухонны нож.

Падазраванага даставілі ў Ленінскае РУУС, дзе ён прызнаўся ў злачынствах.

«Супрацоўнікам міліцыі ён патлумачыў, што здзяйсняў злачынствы дзеля сексуальнага задавальнення і матэрыяльнага ўзбагачэння», – паведамляюць у ГУУС.

Падазраваны. Фота – ГУУС Менгарвыканкаму

Затрыманаму 26 гадоў, раней ён прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад вайсковай службы.

У дачыненні да затрыманага распачатыя крымінальныя справы па ч. 1 арт. 166 (згвалтаванне) і ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэксу. Падазраванаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў