Крама, якая адмовілася ўзяць на працу беларускамоўнага хлопца, просіць прабачэння


Кіраўніцтва кампаніі «Спорт Ф’южн» папрасіла прабачэння «за ганебныя паводзіны і недастатковую кампетэнтнасць працаўніка, які перавысіў службовыя паўнамоцтвы».

У лісце ТАА «Спорт Фʼюжн» да хлопца, якога адмовіліся ўзяць на працу, адзначаецца, што працаўнік крамы «Adidas» будзе прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Што адбылося?

Карыстальнік «Twitterʼу» @bawola_glowa (Jahor Tubielievič) апублікаваў у сваім акаўнце скрыншоты размовы з прадстаўніком крамы «Adidas», што месціцца ў ГЦ «Карона-Замак». З іх вынікае, што хлопца не возьмуць на працу, бо той размаўляе па-беларуску.

«Я не адмаўляўся размаўляць з пакупнікамі па-расейску. Пра гэта ніхто і не пытаўся», – удакладніў у размове з Belsat.eu Jahor Tubielievič.

Кіраўнік раздробнага гандлю афіцыйнага прадстаўніка «Adidas» і «Reebok» у Беларусі паведаміў Belsat.eu, што рашэнне не прымаць на працу беларускамоўных – не афіцыйная пазіцыя кампаніі.

Ігар Случак просіць прыцягнуць працаўніка крамы да адміністрацыйнай адказнасці

15 траўня юрыст, грамадскі актывіст і ініцыятар кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак напісаў у Менгарвыканкам скаргу на прадстаўніка крамы «Adidas». Паводле юрыста, такія дзеянні працадаўцы могуць парушаць артыкул 9.22 «Парушэнне заканадаўства аб мовах» Адміністрацыйнага кодэкса, ствараючы «перашкоду і абмежаванне ў карыстанні дзяржаўнай мовай». Ігар Случак просіць прыцягнуць прадстаўніка крамы да адміністрацыйнай адказнасці.

никогда такого не было и вот опять :)https://nn.by/?c=ar&i=209625

Opublikowany przez Ihara Sluchaka Wtorek, 15 maja 2018

«Мы ж не ў Еўропе»

16 траўня стала вядома пра яшчэ адзін выпадак некампетэнтнасці працаўнікоў, якія працуюць у сетцы крамаў «Adidas-Reebok». Гэтым разам кліенту, які замовіў сабе абутак, сказалі, што ў краме па вул. Максіма Багдановіча ў Менску ёсць ягоны памер (кліент думаў, што гаворка ідзе пра «еўрапейскі стандарт» памераў). На месцы высветлілася, што гаворка ішла пра «расейскую» сістэму памераў. На абурэнне кліента прадстаўнік крамы адрэагаваў фразай: «мы ж не ў Еўропе».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў