Менская фірма прадае туры ў акупаваны Крым: у кліентаў могуць быць праблемы


Паехаць на аўтобусе да мора ў Крым за 200 рублёў праз тэрыторыю Расеі прапануе менская фірма «Альтонель Тур». Праўда, прадавец забывае папярэдзіць кліента, што падобныя паездкі не зусім законныя і пасля падобнага адпачынку ў чалавека могуць быць праблемы з украінскімі дзяржорганамі.

У турфірме распавялі, што каб паехаць у Крым праз Расею дастаткова мець беларускі або расейскі пашпарт і купіць квіток. А ў адказ на пытанне ці закона гэта, нам параілі звярнуцца ў памежны камітэт Беларусі, маўляў фірма толькі прадае квіткі.

Скрыншот з сайту турфірмы

У памежным камітэце ж ад адказу ўхіліліся, паведаміўшы, што яны адказваюць толькі за беларускую мяжу.

А вось у памежным камітэце Украіны нам паведамілі, што Крым – гэта акупаваная тэрыторыя і наведваць паўвыспу праз тэрыторыю Расеі незаконна. Грамадзяне, якія так падарожнічаюць, не толькі не змогуць патрапіць на тэрыторыю Украіны, але і атрымаюць штраф – да 390 BYN. Забарона на ўезд складае да трох гадоў.

Беларусь афіцыйна не прызнае акупацыю Крыму. У 2016 годзе МЗС Беларусі апублікаваў інфармацыю аб тым, што пры планаванні паездкі ў Крым неабходна зыходзіць з таго, што ўезд – выезд на паўвостраў пры накіраванні транзітам праз тэрыторыю мацерыковай Украіны з турыстычнымі мэтамі «не ўяўляецца магчымым». А пры наведванні Крыму праз тэрыторыю РФ беларусам варта мець на ўвазе, што гэта можа паслужыць падставай для адмовы ва ўездзе на тэрыторыю Украіны.

Большасць чальцоў ААН не прызнае крымскага рэферэндуму, які адбыўся ў 2014 годзе. Заходняя супольнасць («Вялікая сямёрка», дзяржавы-чальцы НАТА, Еўразвязу, Рады Еўропы) расцаніла дзеянні Расеі як агрэсію, анексію часткі ўкраінскай тэрыторыі, парушэнне яе тэрытарыяльнай цэласнасці.

15 красавіка 2014 года Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, які абвясціў Крым і горад Севастопаль тэрыторыямі, акупаванымі ў выніку «ўзброенай агрэсіі Расейскай Федэрацыі».

АС, belsat.eu

Стужка навінаў