Як менскае «Дынама» прапусціла ў Піцеры восем галоў. Відэа


У чацвер футбольны клуб «Дынама» (Менск) у межах 3-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы прайграў санкт-пецярбургскаму «Зеніту».

Пасля сенсацыйнае перамогі ў Менску тыдзень таму (4: 0) сталічнае «Дынама» праваліла ў Санкт-Пецярбургу матч у адказ.

Асноўны час скончыўся з лікам 4: 0 на карысць «Зеніту», быў прызначаны дадатковы час. На 99-й хвіліне «Дынама» забівае: 4: 1. Пасля гэтага «Зеніту» неабходна было забіваць мінімум два мячы, і клуб гэтую задачу перавыканаў: выніковы лік – 8: 1.

Герой матчу Арцём Дзюба, які забіў тры галы, на пытанне «Championat.com», што б ён адказаў кіраўніку Беларусі пра «распальцоўку» гульцоў «Зеніту» у Менску, футбаліст сказаў, што «адказваць не будзе».

«Бацьку мы паважаем. Ён добры. Беларусы нашыя браты, мы іх паважаем. Яны змагаліся. Я амаль кожнаму пасля матчу паціснуў руку. Я проста казаў, што заўзятары «Дынама» раздухарыліся. Бачыў, што яны нешта прыдумалі пра мяне. Ім таксама прывітанне. Добра, што мы даказалі: «Зеніт» ёсць «Зеніт», – сказаў Дзюба.

Арцём Дзюба (справа) у барацьбе за мяч з гульцом «Дынама» (Менск) Сэйду Яхая на стадыёне Пятроўскі. 16 жніўня 2018 года. Санкт-Пецярбург. Фота – Peter Kovalev/TASS/Forum

У тым, што «Зеніт» распалілі словы Лукашэнку пра хаджэнне піцерцаў у Менску «на карачках», прызнаўся і трэнер каманды Сяргей Сямак.

«Вядома ж, усю каманду закранулі словы пра тое, што ў Менску мы поўзалі на карачках. Гэта аказалася для нас дадатковым стымулам. Дзякуй вялікі. Гэта заўсёды па-добраму разахвочвае, – сказаў Сямак. – У сваю чаргу хачу падзякаваць «Дынама». Яны вялікія малайцы. Стараліся. Але сёння мы былі лепш. Хоць у Менска вельмі-вельмі сімпатычная каманда».

У чацвёртым раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы «Зеніт» сустрэнецца з нарвежскім «Мольдэ». А менскае «Дынама» рыхтуецца да гульняў чэмпіянату Беларусі. Матч з «Гарадзеяй» – ужо ў нядзелю.

ДД

Стужка навінаў