Менск, які мы губляем. Чаму трэба ратаваць Асмалоўку?


Некаторыя дамы тут маюць падвалы, што захаваліся яшчэ з 19 веку. Пасля вайны іх так і паставілі - на старыя фундаменты.

Зеляніна затапіла двары, і ў лісце 70-гадовых ліпаў і каштанаў хаваюцца вокны і трохвугольнікі шыферных дахаў. Тут не чутно аўтамабіляў, і жыццё быццам сцішала. Асмалоўка – куток у цэнтры Менску, дзе жывуць нашчадкі герояў вайны, пасляваеннай інтэлігенцыі і дзеячаў культуры. Але згодна з планам забудовы гораду, гэтае месца стала лічыцца нерацыянальным выкарыстаннем гарадской прасторы. Да 2020 году Асмалоўку плануецца зруйнаваць з зямлёю ды пабудаваць тут шматпавярховікі і гандлёвы цэнтр.

Будаваліся гэтыя жоўта-белыя дамы, калі Менск яшчэ ляжаў у руінах пасля вайны. Жыллё для генералаў і інтэлігенцыі стваралі акадэмікі архітэктуры, чые будынкі маюць статусы архітэктурных каштоўнасцяў і ў Менску, на праспекце Незалежнасці, і ў іншых гарадах. І раптам – рашэнне менскіх уладаў разбурыць іх стварэнні ўшчэнт.

Архітэктары, што стваралі гэты квартал – знакамітыя акадэмікі Міхаіл Паруснікаў, Аляксандр Сабалеўскі, архітэктар Міхаіл Ручко, чые будынкі стаяць на Хрэшчаціку ў Кіеве, а таксама беларускі знаўца архітэктуры Міхаіл Асмалоўскі, ад яго прозвішча і пайшла назва – Асмалоўка.

«Мы тут рыдаем, няма нікога, хто хацеў бы з’ехаць адсюль, – кажа спадарыня Наталля, мясцовая жыхарка, мастачка і былая дэкаратарка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатру. – Калі сталі казаць пра знос, я пачала хадзіць і ўсё фатаграфаваць. Тут кожны дом адрозніваецца ад іншых. Я ўжо не кажу пра мікраклімат, і пра суцэльную, правільную планіроўку кватэраў, дзе ўсё зроблена па-чалавечы, тут проста зручна. Ёсць падвалы, гарышчы. Калі па-гаспадарску да гэтага ставіцца, тут вельмі добра».

Планы ўладаў: у тры разы больш жыхароў, паркоўкі і гандлёвыя аб’екты

Па-гаспадарску паставілася да гэтых будынкаў дзяржава. Прыватную маёмасць жыхароў яна пастанавіла знішчыць і прадаць зямлю інвестарам. Паводле папярэдняга праекту, жыллёвы фонд тут павінен павялічыцца амаль у тры разы, адпаведна з’явяцца паркоўкі для аўтамабіляў. Пры гэтым, доля жылля ў адсоткавым эквіваленце ад тэрыторыі зменшыцца, і ў тры разы павялічыцца колькасць грамадскіх аб’ектаў.  Гандлёвыя памяшканні зоймуць 8764 м2, на гэты час іх тут – 170 м2.

Згодна з планам, у Асмалоўцы прадугледжваецца паркоўка на 1000 месцаў.

Адна з афіцыйных прычынаў зносу Асмалоўкі – аварыйны стан дамоў і камунікацыяў. Але гэтыя дамы не старэйшыя за некаторыя дамы на праспекце Незалежнасці, або прывакзальныя вежы, што зробленыя ў той жа час і паводле той жа тэхналогіі.

Часам, здаецца, што тут сапраўды патрэбны дагляд. Але ніхто не зацікаўлены ў капітальным рамонце. Ужо колькі гадоў мясцовыя жыхары чуюць пра знос.

«Калі так разглядаць, то ўсё старыя гарады, Вільню, Рыгу, трэба знішчыць і адбудаваць нанова, – кажа Сяргей Харэўскі, гісторык мастацтва, аўтар кнігі «Асмалоўка: дамы і мары». – Гэта смешны аргумент у 21-м стагоддзі. Для тых, хто хоць трошкі разбіраецца ў тэхналогіях, зразумела, што нават не разбіраючы драўляных перакрыццяў, можна іх падмацаваць так, што будзе навечна. Але сёння людзям няма сэнсу займацца такім рамонтам, мяняць сантэхніку, бо калі знясуць, то ніхто кампенсацыі за рамонт ім не выплаціць»

Тут мала людзей, у параўнанні з вуліцай Максіма Багдановіча ці Камуністычнай і Чычэрына, якія акрэсліваюць мікрараён.

Асмолаўка як гісторыка-культурная каштоўнасць

Альтэрнатыўны варыянт – надаць кварталу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і прызнаць за жыхарамі права распараджацца іх маёмасцю. У гэтым выпадку, дзяржава магла б азначыць патрабаваніі пра памеры вокнаў, выгляд фасаду, але ўнутры жыхары маглі б рабіць усё на свой густ і для жыцця на доўгі тэрмін.

«Мае суседзі маладзейшыя за мяне, і я ведаю, што яны хочуць, маюць сілы і стан зрабіць добры рамонт. Яны марылі б усё палепшыць і ўкласці ў гэта сродкі», – кажа спадарыня Наталля.

Вышыня столі ў кватэрах у Асмалоўцы – 3,20 метраў.

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Асмалоўкі дагэтуль знаходзіцца на разглядзе ў Міністэрстве культуры. Заяўка была пададзеная летась.

«Тут – брутальнае парушэнне заканадаўства. Бо пакуль няма адказу з Міністэрства, пакуль не зацверджаны ці не адкінуты гэты статус, нельга рабіць ні знос, ні нават яго абмеркаванне», – кажа Сяргей Харэўскі.

Няма пакуль і інвестару. Спачатку – знос і падрыхтоўка інвестыцыйнай пляцоўкі. Невядома, хто, калі і што тут пабудуе.

«Няма ніякіх прычынаў гэта зносіць, акрамя сквапнасці некаторых чыноўнікаў. Усё гэта можа чакаць лёс гатэля Кемпінскі, які ўтварае сабой невядома што ў цэнтры гораду», – кажа Сяргей Харэўскі.

Навокал Асмалоўкі – вуліцы Камуністычная, Чычэрына, Багдановіча, забудаваныя таксама адразу пасля вайны нізкімі, цаглянымі будынкамі.

«Тут плануецца пабудаваць стылістычна чужыя дамы, гэта будзе агрэсіўная інвазія не толькі ў Асмалоўку, але і ў тыя кварталы, што прымыкаюць да яе», – кажа мастацтвазнаўца.

Вуліца Камуністычная.

Асмалоўка захоўвае трасы яшчэ больш старой забудовы, дамоў, што стаялі тут яшчэ ў 19-м стагоддзі. Захаваліся абрысы, характар кварталу, што для Менску таксама – рэдкасна.

«У некаторых дамах можна шыльду на кожнай кватэры вешаць, дзясяткі імёнаў, якія ёсць у энцыклапедыях. А за апошнія гадоў стварылася новая генерацыя мастакоў, якія абжылі тут майстэрні, і вельмі добра адчуваюць сябе ў гэтым унікальным асяроддзі», – кажа Сяргей Харэўскі.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавёў belsat.eu пра значнасць Асмолаўкі для Менску.

Дрэвы ў Асмалоўцы таксама плануецца знішчыць. А некаторым з іх больш за сто гадоў, ліпы стаяць тут з даваеннага перыяду. Калі сюды засяляліся сем’і генералаў і пачыналі ўладкоўваць і ўпрыгожваць свой быт, то садзілі тут і бэз і розныя рэдкія віды раслінаў, якія за 70 гадоў існавання ўтварылі ўнікальную біаразнастайнасць. Тут гняздзіцца шмат відаў птушак, пад дахамі ночаць кажаны.

У Асмалоўцы жывуць некаторыя віды птушак, занесеныя ў Чырвоную кнігу.

Зараз доля зеляніны складае тут больш за 40 адсоткаў тэрыторыі. Пасля перабудовы, згодна з планам, яе павінна быць калі 37 адсоткаў.

«Гэтая тэрыторыя зараз параўнальная па экалагічнай значнасці з цэлым паркам Горкага, – кажа Ігар Корзун, каардынатар грамадскай кампаніі «Гарадскі ляснічы». Тут адразу паўстане пытанне, якім чынам яны забяспечаць гэтыя 37 адсоткаў. Зразумела, што пад інвестыцыйны праект усё будзе зносіцца, разам з дрэвамі. А потым паверх новых камунікацый і асфальту будуць садзіцца газоны, кусты і маладыя дрэвы. І на метр квадратны гэта будзе лічыцца доляй зялёнай тэрыторыі. Але ж па значнасці нельга параўнаць ніякі куст або малады сажанец з дрэвам, якому больш за 70 гадоў, крона якога ўзвышаецца па-над дахам, а густое лісце стварае цень і свежае паветра».

Шмат дрэваў тут растуць ад пачатку існавання Асмалоўкі – ужо больш за 70 гадоў.

«Канешне, я буду на абмеркаванні, усе будуць. Але аргументы, што мы можам ім выставіць,  – толькі эмацыйнага характару. І ёсць адчуванне, што яны ўжо ўсё вырашылі, – распавяла спадарыня Наталля.

Яна вяртаецца з Камароўкі і па дарозе вырашыла ўдакладніць час, калі адбудуцца грамадскія слуханні па праектце. Але не знайшла ніякай аб’явы, ні на сваім доме, ні на суседніх.

«Быццам усё робіцца, што нас там не чакаюць, мы там не пажаданыя. А людзям жа трэба падрыхтавацца, ведаць час, вызваліць яго. Аб’яў нідзе няма, але ўсе ведаюць, якая падзея ў нас у панядзелак і ахвотна пра гэта размаўляюць. Мы тут усе суседзі, як родныя», – кажа спадарыня Наталля.

Асмалоўка.

Вераніка Уладзімірава, фота Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары