Менск спадзяецца на «зніжэнне эмацыйнасці» Вільні пры абмеркаванні будаўніцтва БелАЭС


Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прыняў пасла Літвы ў Менску Андруса Пулокаса з нагоды ўручэння ім копіяў даверных грамат, паведамляе прэс-служба МЗС.

«Кіраўнік беларускага вонкавапалітычнага ведамства выказаў надзею на тое, што эмацыйнасць, якая назіраецца ў апошні час з літоўскага боку пры абмеркаванні праекту будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, уляжацца», – паведамілі ў прэс-службе.

Паводле інфармацыі прэс-службы, падчас сустрэчы бакі абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў парадку дня беларуска-літоўскіх адносін, уключаючы праблемныя тэмы.

Беларуская АЭС узводзіцца паводле расейскага праекту «ВБЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энергаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Пуск першага энергаблока запланаваны на 2018 год, другога – на 2020 год. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва АЭС зʼяўляецца «Атомстройэкспорт» (структура «Росатама»).

Літва зʼяўляецца самым заўзятым праціўнікам будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі.

МЯ, interfax.by

Глядзі таксама
Каментары