Менск патлумачыў рост экспарту «беларускіх» ківі і папаі


Трапічная садавіна, якую пастаўляюць у Расею з Беларусі, – гэта не санкцыйныя тавары, заявіў прэм’ер міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на прэс-канферэнцыі 29 верасня.

«Дадзеныя тавары – ківі і папаю – краіны, якія трапілі пад санкцыі РФ, не вырабляюць. Таму абсалютна відавочна, што гэта несанкцыйны тавар, і ён трапляе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь абсалютна законным чынам», – цытуе словы беларускага прэм’ера Бі-Бі-Сі.

«Мы знаходзімся ў адзінай мытнай тэрыторыі, і таму нашыя партнёры, нашыя рэзідэнты гэтай мытнай тэрыторыі маюць права выбіраць найбольш аптымальную лагістыку. Калі яны вырашылі, што тавары з тропікаў, напрыклад, папаю або ківі, ім лепш весці на тэрыторыю РФ праз мытную тэрыторыю, якая ўваходзіць у склад Рэспублікі Беларусь, значыць, так яно, мабыць, больш выгадна чыста лагістычна», – падае словы Кабякова interfax.ru.

Каментуючы паведамленні пра з’яўленне крэветак і мідый з Беларусі, якая не мае выхаду да мора, Кабякоў сказаў, што гэтыя тавары перапрацоўваюцца ў Беларусі і гэткім чынам становяцца таварам Мытнага саюзу.

Раней медыі звярталі ўвагу на рост імпарту з Беларусі сельскагаспадарчых прадуктаў, якія не могуць там вырошчвацца праз кліматычныя ўмовы. Рост адзначылі пасля ўвядзення Расеяй эмбарга на харчовыя тавары з краін Еўрапейскага Звязу, ЗША і іншых краін.

МЯ, паводле bbc.com, interfax.ru

Стужка навінаў