Менск наведае віцэ-старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ


zrzut-ekranu-2016-12-19-o-07-53-41

Кент Гэштэт

Віцэ-старшыня ПА АБСЕ Кент Гэштэт прадставіць у Беларусі выніковую справаздачу аб апошняй выбарчай кампаніі ў нашай краіне.

У Менску Кент Гэштэт, які каардынаваў працу кароткатэрміновых назіральнікаў на парламенцкіх выбарах у Беларусі ў сёлетнім верасні, будзе з 19 па 22 снежня.

Тэкст справаздачы, якую ён прадставіць, дзесяць дзён таму зʼявіўся сайце Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.

У дакуменце гаворыцца, што выбары былі добра арганізаваныя, але шэраг старых сістэмных недахопаў не вырашаны. А менавіта: заканадаўства абмяжоўвае палітычныя правы і асноўныя свабоды і мае празмерна абмежавальны характар.

У склад выбарчых камісіяў была ўключаная нязначная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі, а працэсы галасавання, падліку галасоў і звядзення вынікаў «былі азмрочаныя значнай колькасцю парушэнняў і адсутнасцю празрыстасці».

ЦВК Беларусі прыняў шэсць пастановаў, што тычыліся тэхнічных аспектаў выбарчага працэсу, але асноўныя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі пры гэтым не былі ўлічаныя, адзначаецца ў справаздачы.

Відэасюжэт «Белсату» пра выбары-2016

Яе аўтары мяркуюць, што беларускай выбарчай сістэме неабходная «усебаковая рэформа ў межах больш шырокага працэсу дэмакратызацыі».

У межах візіту ў Менск Кент Гэштэт 20 снежня прыме ўдзел у паседжанні міжведамаснай групы па разглядзе рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ аб удасканаленні выбарчага працэсу ў Беларусі.

«Думаю, нашыя эксперты з міжведамаснай групы выкажуць Кенту Гэштэту нейкую сваю пазіцыю па карэкціроўкам выбарчага заканадаўства ў нашай краіне», – заявіла ў нядаўнім інтэрвʼю старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Глядзіце таксама >>> Юры Хашчавацкі да выбарцаў: Гэта не апазіцыя слабая – гэта вы слабыя

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў