Менск і Варшава: новы шанец ці старыя граблі


25 гадоў таму Беларусь і Польшча падпісалі пагадненне аб добрасуседстве, узаемаразуменні і супрацы. У нядзелю з гэтай нагоды ў польскую сталіцу сталіцу завітаў кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей. Папярэднія спробы паляпшэння стасункаў паміж Менскам і Варшавай былі дарэмныя. На што гатовы пайсці Аляксандр Лукашэнка, каб гэтага не паўтарылася?

Падчас сустрэчы ў Варшаве кіраўнікі польскай і беларускай дыпламатыі Вітальд Вашчыкоўскі і Уладзімір Макей абвясцілі аб новай старонцы ў беларуска-польскіх стасунках.

«Я ўпэўнены, што ў цяперашні час Беларусь і Польшча перажываюць гістарычны момант пераходу ў новую фазу двухбаковых адносін, у якім больш не будзе месца недаверу, канфрантацыі, інтрыгам, састарэлым стэрэатыпам і нейкім ідэалагічным забабонам», – адзначыў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.

На працягу апошніх некалькі месяцаў Польшча зрабіла шмат крокаў насустрач Менску. Міністр Вашчыкоўскі нядаўна асабіста наведаў Беларусь. Пасля дзесяцігадовага перапынку аднавілася праца міжпарламенцкай польска-беларускай групы. А ў бліжэйшым часе ў Менск паедзе віце-прэмʼер Польшчы Матэўш Маравецкі.

«Падчас сустрэчы мы абмяркоўвалі шмат праблемаў білатэральных, сітуацыю ў рэгіёне і на ўсходзе ад нашых краінаў. Я таксама паінфармаваў міністра Макея аб тым, што адбываецца ў НАТО», – падкрэсліў міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.

Нашая заходняя суседка, якая заўжды стаяла на баку дэмакратычнай супольнасці ў Беларусі, сёння сталася першай краінай Еўразвязу, якая пасля адмены санкцыяў аднавіла сваю супрацу з беларускімі ўладамі.

«Праблема з Беларуссю ў тым, што ні палітыка санкцыяў, ні палітыка супрацы не дапамагла. Былі свае плюсы і мінусы. Але сёння, у гэты гістарычны момант, гледзячы на сітуацыю ў рэгіёне, лепш супрацоўнічаць. Калі б сёння Польшча ці іншыя краіны Еўропы адмовіліся ад супрацы з Беларуссю, гэта азначала б, што Еўразвяз пагадзіўся на тое, што Беларусь зʼяўляецца сферай уплыву Расеі», – мяркуе Анна Дынэр з Польскага інстытуту міжнародных справаў.

Невядома, аб чым міністры размаўлялі за зачыненымі дзвярамі. Вядома толькі тое, што Макей прывёз у Варшаву архіўныя дакументы, якія паводле міністра Вашчыкоўскага, датычаць «лёсу шматлікіх палякаў».

«Самае балючае пытанне для палякаў – гэта, канешне, Саюз палякаў у Беларусі. З другога боку для Беларусі вельмі істотна, каб прадаваць электраэнергію ў Польшчу. Не ведаюць куды дзяваць электраэнергію, якая будзе вырабляцца на атамнай электрастанцыі», – адзначыў аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.

Але Беларусь цікавіць не толькі магчымасць продажу электраэнергіі. Польшча сёння застаецца адным з галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі сярод краінаў Еўразвязу.

Тавараабарот паміж Менскам і Варшавай на пачатку 2000-х гадоў налічваў толькі $ 400 млн, у дакрызісны перыяд 2008 года нашыя краіны нагандлявалі на ажно $ 3 млрд. У Беларусі сёння дзейнічае каля 350 фірмаў з польскім капіталам. У сваю чаргу беларускі капітал прысутнічае толькі ў 17-ці польскіх фірмах.

У Варшаве кажуць аб тым, што ў неўзабаве польскі і беларускі ўрады маюць падпісаць гандлёвыя пагадненні вартыя больш за € 250 млн.

«Плануецца падпісанне мемарандуму, дзякуючы якому ў Менску адчыніцца польска-беларускі цэнтр, дзе беларускія прадпрыемствы і іх кіраўнікі будуць мець магчымасць атрымаць веды наконт фондавых біржаў. Мы ведаем аб тым, што ў Беларусі няма свабоднага абароту акцыяў, але ёсць акцыі прадпрыемстваў і ёсць іх уласнікі. Але прыедзе час, калі гэтыя акцыі зʼявяцца на біржы, і мы будзем вельмі задаволеныя, калі гэта адбудзецца на суседскай варшаўскай фондавай біржы», – адзначыў дырэктар Польска-беларускай гандлёвай палаты Казімеж Здуноўскі.

Падзенне цаны на нафту і апошні нафтагазавы канфлікт паказалі небяспеку залежнасці беларускай гаспадаркі ад Расеі. На пытанне «Белсату» аб тым, ці ўлады ў Менску не думаюць аб павароце на Захад, Макей адказаў вельмі адважна.

«Мы не збіраемся адрывацца ад Расеі. Мы разумеем, што ў эканамічным плане Беларусь дастаткова моцна залежыць ад гэтага, але мы хочам сысці ад гэтай моцнай залежнасці, быць менш залежнымі ад адной дзяржавы», – сказаў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.

Але эканамічны паварот на захад патрабуе шматлікіх рэформаў. Беларускія аналітыкі лічаць, што сурёзных рэформаў ад уладаў у Менску чакаць не варта.

«Беларусь не выйдзе з інтэграцыйных арганізацыяў, якія стварыла Расея. Нейкіх інстытуцыйных зменаў, кшталту падпісання дамовы з Еўразвязам аб асацыяцыі, якую падпісала Украіна, чакаць не варта, Беларусь на гэта не пойдзе», – лічыць беларускі палітолаг Валер Карбалевіч.

Ці супраца з Варшавай палепшыць палітычную атмасферу ў краіне? Прагрэс у гэтай галіне ёсць, але застаецца і шмат праблемаў. Калі Беларусь іх вырашыць, то, магчыма, Аляксандра Лукашэнку запросяць у Варшаву, дзе з афіцыйным візітам ён дагэтуль ніколі не быў.

Сюжэт праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:45. Іншыя тэмы апошняга выдання: якія важныя дакументы пра лёсы палякаў Беларусь перадала Польшчы, размова з гісторыкам Ігарам Мельнікавым; газавы кампраміс ці патавая сітуацыя; каму патрэбны Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Коўне; агенты расейскага ўплыву ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, хто яны, размова са Змітром Міцкевічам, аналітыкам «Belarus Security Blog»; у Літве змяняецца ўлада, як гэта паўплывае на адносіны з Беларуссю; Данбас і Дамаск, пры чым тут Менск?

Руслан Шошын, «ПраСвет». Фота wikipedia.org

Стужка навінаў