Менск і Масква спрачаюцца наконт газавых зніжак


Кансультацыі па зніжцы на газ для Беларусі працягнуцца.

«Гэтая тэма закраналася, але ніякіх рашэнняў не прынялі, адпаведным міністэрства даручана з адпаведнымі гаспадарчымі субектамі працягнуць кансультацыі па гэтым пытанні», – заявіў міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак, адказваючы на пытанне пра газ.

Ён дадаў, што канкрэтны аб’ём зніжкі для Беларусі сёння не абмяркоўваўся, «яны лічаць паводле нейкай формулы». Паводле словаў Новака, для Беларусі і зараз цана на газ самая нізкая з усіх краінаў. «І мы працуем на падставе дзеючых пагадненняў 2011 і 2014 гадоў», – перадае словы міністра ТАСС.

13 студзеня віцэ-прэм’еры Беларусі і Расеі Уладзімір Сямашка і Аркадзій Дварковіч правялі перамовы, але дамоўленасцяў наконт зніжкі на газ не дасягнулі. Як адзначаў тады намеснік міністра энергетыкі Расеі Анатолій Яноўскі, дамоўленасці пакуль не дасягнутыя, новай даты сустрэчы няма.Пры гэтым Яноўскі паведамляў, што гаворка вядзецца ўжо не пра 10 % зніжэнні, а пра абсалютныя лічбы.

Намеснік міністра энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі раней гаварыў журналістам, што міністэрства энергетыкі разлічвае на зніжэнне цаны расейскага газу ў 2016 годзе ў памеры больш за $ 10 на 1 тыс. куб.м. Хаця, паводле яго, і сёння яна прымальная і складае $ 142,37 за 1 тыс. кубаметраў.

НМ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары