Менск і Кіеў абмяняліся ўдарамі. Для каго гэты спектакль?


Украіна абвінаваціла Менск у несяброўскіх дачыненнях на міжнароднай арэне. Аляксандр Лукашэнка, прыкрываючыся кантрабандай зброі з Украіны, узмацняе мяжу з нашымі паўднёвымі суседзямі. Эксперты ўпэўненыя: гэта спектакль для аднаго чалавека. Якога?

У кулуарах паседжання Генеральнай Асамблеі, якое адбываецца на гэтым тыдні ў Нью-Ёрку, прадстаўнік Украіны заявіў, што не разумее беларускай дэлегацыі: яна хранічна галасуе супраць усіх прапановаў Кіева на міжнародным форуме, – нават калі ідэі ніяк не звязаныя з узброеным канфліктам на Данбасе і, адпаведна, з Расеяй.

«Нам трэба пераносіць гэтую пляцоўку з Менску ў нейкую іншую сталіцу. Пры ўсёй маёй павазе да беларускай дыпламатыі я не магу зразумець, пра якую нейтральнасць вядзецца гаворка», – заявіў сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Уладзімір Ельчанка.

На афіцыйным узроўні дыпламата падтрымала група ўкраінскіх палітыкаў, але прэзідэнт Украіны пазіцыі адносна паводзінаў беларусаў не выказаў і, як сцвярджаюць знаўцы, не выкажа. Затое алею ў беларуска-ўкраінскі крызіс на гэтым тыдні падліў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў: «Мы прынялі рашэнне аб умацаванні мяжы з Украінай».

Лукашэнка патлумачыў крок нелегальным трафікам зброі, і рашэнню ўсцешыліся ў Маскве, але Пятро Парашэнка зноў ніяк не адрэагаваў: які б ні быў Менск, ён самая зручная пляцоўка для мірных перамоваў Украіны – хаця б з увагі на некаторых прадстаўнікоў расейскага боку, якія застаюцца пад еўрапейскімі санкцыямі.

Адной з найважнейшых мэтаў перамоваў для Украіны ёсць увядзенне на Данбас міжнародных міратворцаў. Расея ідэю блакітных касак блакуе.

«Гэта страх, што міратворцы пабачаць расейскіх наёмнікаў і расейскую вайсковую прысутнасць на ўсёй акупаванай тэрыторыі», – мяркуе прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Больш эфемернай за ідэю міратворчай місіі на тэрыторыі гэтак званых народных рэспублік можа быць удзел у ёй беларускага кантынгенту, на які не пагодзіцца Украіна: там не сумняваюцца, на чыім баку будуць гуляць беларускія вайскоўцы з АДКБ.

Сваркі ды ўзаемныя абвінавачанні не замінаюць Менску і Кіеву працягваюць выгадную эканамічную супрацу. У Беларусі – пазітыўнае сальда замежнага гандлю з Украінай, ёй мы прадаем аўтатэхніку, з якой потым робяць вайсковую. І прадаем паліва, якім запраўляюць украінскія танкі. Беларусь ува Украіне ўскосна ваюе супраць Крамля.

«Беларусь не прызнала фактычна Крым расейскім, не пасылае туды самалётаў і цягнікоў. Беларусь фактычна ігнаруе шматлікія агрэсіўныя выпады Крамля адносна Украіны», – адзначае журналіст радыё «Свабода» Валер Каліноўскі.

Гэта разумеюць у Маскве – таму і ціснуць на Лукашэнку. І ў бліжэйшыя месяцы ціск будзе расці.

Увесну ўкраінцы будуць абіраць прэзідэнта, і Крэмль не можа не паспрабаваць замяніць нягнуткага Пятра Парашэнку. У адрозненне ад папярэдніх прэзідэнцкіх кампаніяў ува Украіне, Расея ў іхны лёс не зможа ўмяшацца наўпрост ды прасунуць свайго кандыдата, як гэта было з Януковічам. Цяпер Крэмль проста ставіць на самыя функцыянальныя фігуры, якія не будуць прызнавацца ў любові да Масквы, а ціха вырашаць канкрэтныя задачы Крамля.

«Крытыкаваць Украіну, дэманстраваць, што яны гатовыя пайсці на дзве рэчы: прызнанне анексіі Крыму і вяртанне Данбасу ў склад Украіны на расейскіх умовах, – то бок, умовах, максімальна неспрыяльных для Украіны», – кажа ўкраінскі палітычны эксперт Яўген Магда.

Напярэдадні сваёй кампаніі Парашэнка не дазволіць сабе сапсаваць дачыненняў са сваім «варожым» партнёрам: у Кіеве даўно навучыліся чытаць паміж радкоў, што хаваецца за паводзінамі Лукашэнкі.

«Там уяўляюць, што гэта гульня на публіку, гульня на аднаго чалавека – Уладзіміра Пуціна», – працягвае Валер Каліноўскі.

І калі ўкраінскія заявы кшталту словаў Ельчанкі ў Нью-Ёрку – папераджальныя стрэлы з Кіева ў Менск з сігналам памятаць пра пэўныя межы, то ў абедзвюх сталіцах ведаюць, што стрэлы – халастыя.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою:

Яшчэ ў праграме:

Форт Пуціна ў Беларусі супраць форту Трампа ў Польшчы

Глядзі таксама
Каментары