Менск беларусізуецца ў кулінарным плане – улады ствараюць сетку бістро «Радзівілаўскі»


У Менску створаць беларускую сетку хуткага харчавання. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік старшыні Менгарвыканкаму Андрэй Дамарацкі.

«У Менску плануецца пашыраць сетку беларускай кухні. Напрыклад, у 2016 годзе пад брэндам «Радзівілаўскі» створаць сетку беларускага бістро. У найбліжэйшы час у сталіцы пачнуць мадэрнізацыю трох аб’ектаў, якія ўвойдуць у аб’яднанне», – цытуе словы Дамарацкага афіцыйнае агенцтва БелТА.

Сёлета ў беларускай сталіцы адчынілі два аб’екты грамадскага харчавання з беларускай нацыянальнай кухняй: рэстаран «Васількі» на 140 месцаў і кавярню «Цімохін закуток» на 20 месцаў. Для далейшага пашырэння сеткі рэстаранаў, якія спецыялізуюцца на нацыянальнай кухні, у Менску плануюць даваць інвестарам арэндныя ільготы пры адкрыцці такіх рэстаранаў.

Андрэй Дамарацкі адзначыў, што паводле вынікаў маніторынгу, каля 83% замежных гасцей Менску ў кавярнях і рэстаранах замаўлялі менавіта стравы беларускай кухні. Таму гарадскія ўлады рэкамендавалі мець у меню такія стравы ва ўсіх аб’ектах грамадскага харчавання.

Усяго ў Менску налічваецца 2 тыс. 350 аб’ектаў грамадскага харчавання на 147 тыс. месцаў. З іх каля 40 – гэта буйныя рэстараны і кавярні, якія спецыялізуюцца на беларускай кухні.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў