Менгарвыканкам знайшоў аўтара калючага дроту на графіці «Менск-Масква» і хоча спагнаць з яго грошы


Менскія ўлады хочуць, каб мастак заплаціў за выдаткі на аднаўленне першапачатковага малюнку. Пра гэта заявіў старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац на прэс-канферэнцыі 21 снежня.

«Графіці зʼявілася падчас правядзення Дзён Масквы, эскіз быў узгоднены. Лічу, няправільна, што хтосьці зыходзячы з асабістых памкненняў прыходзіць і дамалёўвае. Калі пусціць справу на самацёк – гэта дарога ў нікуды, тады кожны можа маляваць дзе хоча і што хоча. Мы абавязкова спагонім усе панесеныя выдаткі», – сказаў Шорац.

Імя мастака чыноўнік не назваў, але дадаў, што цяпер рыхтуюцца неабходныя дакументы для звароту ў суд.

«… Мы абавязкова спагонім затраты на змены. Трэба юрыдычна гэта кампетэнтна зрабіць, каб у судзе наша пазіцыя была вельмі пераканаўчая», – адзначыў ён.

Выява «Менск-Масква» з’явілася на шматпавярховіку ў Менску з нагоды Дня Расеі ўлетку 2016 г.

Напрыканцы кастрычніка невядомы дамаляваў на графіці калючы дрот. У букеце, які трымае хлопчык, і ў вянку на галаве дзяўчынкі, зʼявіліся дасканала намаляваныя шыпы – упісаныя так далікатна, што не адразу зразумела, што карцінка змянілася. Менскія ўлады выставілі ўльтыматум графіцісту-партызану выправіць малюнак. Ніхто на іх пагрозы не адгукнуўся, таму напрыканцы лістапада рабочыя самі аднавілі «арт-абʼект» распрацаваны аддзелам ідэалогіі Менгарвыканкаму.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў