Менгарвыканкам забараніў плакат гурту «Trubetskoy»

video

Музыкі ў грыме падаліся чыноўнікам «занадта жахлівымі і пугаючымі».

Плакат да прэзентацыі альбому «Magister Bibendi» не прайшоў узгаднення з чыноўнікамі, піша партал «Тузін гітоў».

На плакаце канцэрту, які павінен быў быць размешчаны на білбордзе ў Менску, гурт зняўся ў грыме. Такім чынам музыкі збіраліся перадаць дух персанажу, у гонар якога быў названы альбом.

«Для нас Магістар Бібендзі ўвасабляе адначасова дух рок-н-ролу, бога вінаробства Дыёніса і Барона Суботу, які ў нашым выпадку выступае правадніком між мінулым і будучым», – так музыкі тлумачаць канцэпцыю фотасесіі.

Аднак аддзел па кантролі за рэкламай Менгарвыканкаму палічыў плакат неадпаведным для размяшчэння.

У рэкламным агенцтве, якое займалася ўзгадненнем макета, выяву музыкаў з размаляванымі тварамі не дазволілі, палічыўшы іх занадта жахлівымі і пугаючымі.

«Можа ўгледзелі ў гэтым чартаўшчыну і сатанізм, але гэтых сэнсаў мы не ўкладалі. Калі з нас хочуць сарваць маскі – дык будзе яшчэ страшней», – з іроніяй каментуе рашэнне чыноўнікаў прадусар гурту Яўген Калмыкоў.

Канцэрт-прэзентацыя альбому «Magister Bibdendi» запланаваная ў Менску на 23 студзеня 2016 года.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары