Менгарвыканкам не захацеў раскрываць асобы праціўнікаў дошкі БНР


Мемарыяльная дошка да 100-годдзя БНР. Фота - Ірына Арахоўская/Белсат

Чыноўнікі спасылаюцца на «тайну карэспандэнцыі».

У 100-годдзе БНР будынак па вуліцы Валадарскага 9, дзе ў 1918 годзе абвесцілі Беларускую Народную Рэспубліку, застаўся без памятнай табліцы. Прычына – «негатыўная рэакцыя грамадскасці», пра што Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) паведаміў Менгарвыканкам за подпісам намесніка старшыні Ігара Юркевіча.

Севярын Квяткоўскі пацікавіўся ў чыноўніка, хто супраціўляецца ўсталяванню мемарыялу.

На запыт журналіста Ігар Юркевіч адказаў адмоваю назваць прозвішчы людзей, спаслаўшыся на артыкул 28 Канстытуцыі Беларусі, паводле якога «кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў ягонае асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну ягонай карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на ягоны гонар і годнасць».

Дазвол на мемарыяльную табліцу далі яшчэ ў сакавіку. Тады грамадою сабралі неабходныя сродкі – за некалькі гадзінаў праз інтэрнэт-платформу «Талака» неабыякавыя ахвяравалі 7,5 тысяч рублёў пры заяўленых 6. Аднак нягледзячы на абяцанні павесіць дошку, Менгарвыканкам далей разглядае гэтае пытанне з прычыны «зваротаў грамадзянаў з неадназначным стаўленнем». Колькі іх – таксама невядома.

Улады не ўпершыню тлумачаць свае адмовы зваротамі «нязгодных». Гэтак, напрыканцы жніўня Менгарвыканкам адмовіўся пераназываць станцыю метро «плошча Леніна» з улікам «неадназначных меркаванняў жыхароў гораду». У 2005 годзе галоўны праспект сталіцы – Францыска Скарыны – перайменавалі ў праспект Незалежнасці, бо так «папрасілі ветэраны».

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары