Аргкамітэт святкавання Дня Волі падасць новую заяўку на шэсце (Абноўлена)


Новую заяўку на правядзенне шэсця пададуць 8 лютага.

Пра гэта паведамляецца на старонцы Руху «За свабоду». Маршрут застанецца без зменаў, арганізатары маюць намер правесці акцыю ў цэнтры Менску.

«Мы будзем настойваць на асабістай сустрэчы з кіраўніцтвам Менгарвыканкаму, якія адказныя за прыняцце рашэнне па акцыі. Гэта дасць нам магчымасць прыйсці да рашэння пра фармат мерапрыемства, якое можа задаволіць абодва бакі», – заявіў адзін з удзельнікаў аргкамітэту, старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.


Адказ ад чыноўніка аб адмове на правядзенне шэсця атрымаў адзін з заяўнікаў, сябра Руху «За Свабоду» Аляксандр Русевіч.

Прычына адмовы ў тым, што «ліст не ўтрымлівае заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства і інфармацыі, якая прадугледжаная для такіх зваротаў у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусі “Аб масавых мерапрыемствах”».

«Звяртаем увагу, што вамі парушаны арт. 8 Закону, у адпаведнасці з якім арганізатары масавага мерапрыемства, а таксама іншыя асобы да атрымання дазволу на яго правядзенне не маюць права аб’яўляць у СМІ, інтэрнэце альбо іншых інфармацыйных сетках пра дату і месца яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай лістоўкі, плакаты ды іншыя матэрыялы», – напісана ў адказе.

Заяўнікі кажуць, што перадалі ўвесь пакет дакументаў уладам. 6 студзеня заяўку і абавязацельствы заяўнікаў у выканкам перадаў Ягор Віняцкі.

«Менгарвыканкам, хутчэй за ўсё «згубіў« дакументы адмыслова. Гэтая сітуацыя магла здарыцца таму, што чыноўнікі апошнім часам пазбягаюць кантактаваць з заяўнікамі непасрэдна і прапануюць пакідаць дакументы ў агульнай скрыні ля ўваходу», – адзначыў старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

А 15:00 7 лютага пройдзе пасяджэнне аргкамітэту Дня Волі, дзе прымуць рашэнне па адказу з Менгарвыканкаму.

Акцыя запланаваная на 25 сакавіка, збор а 14:00-14:30, акцыя працягнецца да 15:30.

Папярэдні маршрут: пляцоўка ля будынку Акадэміі навук (збор удзельнікаў) – шэсце па праспекце Незалежнасці – парк Янкі Купалы (завяршэнне акцыі). Мітынг не запланаваны. Сярод заяўнікаў прадстаўнікі чатырох арганізацыяў – Руху «За Свабоду», партыі АГП, БНФ і БХД.

ДР belsat.eu паводле pyx.by

Стужка навінаў