Менгарвыканкам даў дазвол на правядзенне акцыі «Чарнобыльскі шлях»


Менгарвыканкам даў дазвол на правядзенне 26 красавіка акцыі «Чарнобыльскі шлях», паведаміў адзін з ініцыятараў традыцыйнага шэсця старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

17 красавіка заяўнікі акцыі – Янукевіч, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук і актывіст руху салідарнасці «Разам» Ілья Дабратвор – былі праінфармаваныя пра адпаведнае рашэнне Менгарвыканкаму.

Янукевіч зазначыў, што ўлады крыху скарэктавалі час правядзення акцыі, скараціўшы ўдвая час збору яе ўдзельнікаў. Такім чынам, «Чарнобыльскі шлях» дазволены ў наступным фармаце: збор каля кінатэатра «Кастрычнік» з 14.00 да 14.30, шэсце да 16 гадзін па вуліцы Сурганава да царквы ў гонар абраза Божай Маці «Спатоленне загінулых», размешчанай побач з паркам Дружбы Народаў.

Мітынг ініцыятары акцыі вырашылі гэтым разам не праводзіць. Такое рашэнне арганізатары растлумачылі тым, што ў мінулыя гады міліцыя не дазваляла праносіць на мітынг гукаўзмацняльную апаратуру, а само месца правядзення мітынгу было абгароджанае, і не ўсе ўдзельнікі мерапрыемства жадалі праходзіць працэдуру надгляду.

Глядзіце таксама >>> «Чарнобыльскі шлях–2014»

ЮВ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў