Менчукі паспаборнічаюць у сарціроўцы смецця


Рана ці позна смецце раздзяляюць: напрыклад, так званыя «археолагі» на палігонах .

Турнір пройдзе 6 жніўня ў сталічным парку Горкага.

Гэткая імпрэза ладзіцца ў Менску ўпершыню.

«Свята прысвечанае кампаніі па асобным зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў «Мэта-99», якая праходзіць па ўсёй краіне з лютага 2015 года», – кажа «Менск-навінам» Наталля Грынцэвіч, дырэктарка ГУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».

Суботу абралі адмыслова, каб людзі ў парк прыйшлі сем’ямі.

«Раскажам у гульнявай форме, для чаго і як трэба сартаваць адкіды. Потым усе ахвотныя змогуць паспаборнічаць на практыцы ў шпаркасці і якасці сартавання смецця. Наколькі будуць чыстымі Менск і ўся краіна агулам, а таксама якая колькасць другасных рэсурсаў патрапіць на перапрацоўку, залежыць ад кожнага жыхара Беларусі», – адзначае Грынцэвіч.

Арганізатары імпрэзы абяцаюць, што ўдзельнікаў «Мэты» чакаюць разнастайныя конкурсы, займальныя гульні і, вядома, сюрпрызы. Адным з іх павінен стаць аўдыёкантэйнер, які нешта кажа ў адказ кожнаму, хто кіне ў яго смецце.

Пераможцы спаборніцтва атрымаюць прызы і падарункі. Пачнецца імпрэза а 12-ай.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары