Менчукі баяцца хадзіць каля Свіслачы. Беларускі архітэктар раіць прывесці туды Лукашэнку


Прыбярэжная ракі Свіслач – рукатворныя ландшафты, у чым і ўнікальнасць гэтага месца. Пабудаванае ў пасляваенныя часы, воднае сэрца гораду рассыпаецца на вачах, а расколіны зарастаюць павуціннем.

У мінулым годзе архітэктары Барыс Юрцін і Міхаіл Пірагоў напісалі артыкул у прэзідэнцкую газету «Советская Белоруссия», паведаміўшы пра катастрафічны стан набярэжнай. Аднак, такая спроба быць пачутымі і дагрукацца да ўладаў, вынікаў не дала. «Вострыя вуглы» ў тэксце і «моцныя» фотаздымкі не надрукавалі.

ЮРЦІН БАРЫС, АРХІТЭКТАР:
«Лукашэнку прывядзіце сюды, пакажыце, да якога стану давялі вось гэта. Бо тут з іх ніхто ніколі не бывае. Яны ж робяць сабе іншыя тэрыторыі, пра іншае клапоцяцца. А для насельніцтва – вось яно, калі ласка, разумееце. І карыстайцеся гэтай справай».

Яміны і дзіры ў асфальце, неахайна замазаныя цэментам прыбярэжныя канструкцыі крытыкуюць і менчукі.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Замест таго, каб будаваць гэты будынак, можна было, напрыклад, адрамантаваць набярэжную».
«Нават гадоў 20 таму, калі расла мая дачка, тут было не праехаць ні на веласіпедзе, ні на самакаце, а зараз дык і ўвогуле, дзіркі, якія ў раку глядзяць».
«Гэта ж такая прыгажосць, гэта ж сталінскі ампір. Гэта мусіць быць захавана. Гэта адзінае, што вядома ў архітэктуры гораду Менску».

Ужо 12 год таму стан набярэжнай быў аварыйным.

ЮРЦІН БАРЫС, АРХІТЭКТАР:
«Мы прасвідравалі ў некалькіх месцах набярэжнай, там суцэльная труха, там усё ўжо згніло, правалілася, вымыла».

Пад пытаннем застаецца бяспека менчукоў. Набярэжная ў цэнтры гораду даволі шматлюднае месца. Тут і дзеці з бацькамі гуляюць, і раварысты ездзяць.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ :
«Асабліва ў нядзелю, у суботу, калі людзей тут шмат, вельмі небяспечна».
«Ну вось калі бліжэй падыходзіць, можа быць і страшна».
«На самой справе я не баюся, таму што думаю, што гэта ўсё ўпадзе на той бок, а там я не плаваю».

Праект рэканструкцыі набярэжнай быў распрацаваны прыкладна 11 год таму. Ствараўся ён, як кажуць, на вякі. Згодна з ім, архітэктары захавалі ўсе формы планіроўкі. Замянілі толькі самае неабходнае – матэрыялы канструкцый.

ЮРЦІН БАРЫС, АРХІТЭКТАР:
«Гэта гранітны камень, які вечны наагул будзе. Разбіраем гэтую набярэжную і робім яе з чыгуннага ліцця. З гранітнымі слупкамі. Яна празрыстая становіцца ў гэтым выпадку».

Калі ж не зрабіць гэтых захадаў, з цягам часу частка набярэжнай у раёне парку Янкі Купалы можа абваліцца, як адбылося гэта з прыбярэжнай у раёне Траецкага прадмесця ў чэрвені мінулага года.

Марына Яўсейчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары