Мексіканцы здымаюць кіно пра каталіцкага святара-героя


Падчас Другое сусветнае вайны на гэтым месцы ў Варшаве месцілася турма пад назваю Павяк. Тут у 41-м перад адпраўкаю ў лагер смерці нацысты ўтрымлівалі сціплага польскага манаха, постаць і ўчынкі якога цяпер натхняюць адмыслоўцаў на стварэнне незвычайнага кіно.

Адмыслоўцы 3D-кіно з далёкае Мексікі распачалі ствараць анімацыйны фільм пад назваю «Макс і я».

Гісторыя вядзецца пра манаха Максіміліяна Кольбэ, які да канца сваіх дзён ратаваў жыцці і дапамагаў людзям, але фільм пабудаваны на размовах у нашыя часы маладзёна-бунтара на мянушку Ды-Джэй і чалавека сталага веку на імя Гюнтэр. Пётр Адамчык, які раней ужо граў ролі выбітных палякаў у кіно, цяпер будзе агучваць сваім голасам галоўнага героя.

«Асабіста я, як паляк, вельмі шчаслівы, што гэты фільм будзе створаны. Бо праз простыя рэчы ён здолее паказаць цяжкую гісторыю маёй краіны больш зразумелаю», – кажа актор Пётр Адамчык.

Калі нацысты напалі на Польшчу ў 1939-м, святар Максіміліян Кольбэ схаваў у манастыры каля дзвюх тысяч габрэяў. Таксама пад ягоным кіраўніцтвам стварылі нелегальную радыёстанцыю, у праграмах якой апавядалася пра зверствы акупантаў.

У 1941-м годзе Кольбэ зарыштавалі і змясцілі ў лагер Аўшвіц. Калі нацысты планавалі забіць чарговых некалькі дзясяткаў чалавек, святар прапанаваў сябе замест польскага жаўнера Францішака Гаёвнічэка, якога нават не ведаў. Кольбэ забілі, а спадар Францішак перажыў вайну і распавёў усяму свету пра ўчынак святара.

«Жыццё Максіміліяна Кольбэ было як запавет чалавецтву. Уявіце сабе, што ў самых безнадзейных месцах, дзе нацысты паказалі такую жорсткасць, Кольбэ даказаў, што ў нашых душах і сэрцах заўжды ёсць месца для бязмежнай дабрыні і любові», – распавядае Пётр Адамчык.

Паводле прадзюсара Паблё Хасэ Бароза, асноўная задача стварэння тры-дэ-фільму пра польскага святара – на прыкладзе рэальнай гісторыі самаадданасці і дабрыні – натхніць маладое пакаленне на актыўнае служэнне адно адному: «Гэта праўдзівая гісторыя пра святара, які быў узорным чалавекам і які прысвяціў увесь свой час, каб прапаведаваць альтэрнатыўнымі сродкамі, а менавіта цяпер новая евангелізацыя патрэбная. Я думаю, ён апярэдзіў свой час на сто гадоў».

Анімаваны 3D-фільм «Макс і я» пакуль плануюць дубляваць на англійскую, польскую ды іспанскую мовы. Праўда, афіцыйнай прэм’еры прыйдзецца яшчэ пачакаць. Паказ запланаваны на ліпень будучага года і будзе прымеркаваны да Сусветнага дня моладзі, што пройдзе ў Кракаве.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў