Медыяэксперт: Расейцы не вераць крамлёўскай прапагандзе, яна бавіць іх файнымі гісторыямі


Эксперт па медыях Пётр Памяранцаў распавядае, як можна супрацьстаяць крамлёўскай прапагандзе.

«Белсат»: Вы даследуеце медыі. Як думаеце, чаму людзі актыўна вераць таму, што прапагандуе Крэмль?

Пётр Памяранцаў: Вельмі цікавае пытанне наконт таго, ці вераць. Людзі з тых нямногіх фокус-групаў, пра якія я чытаў, кажуць, што нікому не вераць, усё прапаганда. І тое, што іншыя робяць, і тое, што Крэмль. Але Крэмль распавядае файныя гісторыі! Адзін чалавек сказаў: «Мы ведаем, што ўсе хлусяць! Але яны (пракрамлёўскія медыі) аб’ектыўныя, бо ў іх так шмат эмоцый. Журналісты бегаюць па кадру, там страляюць!» Расейскія навіны ўжо не звязаныя з рэальнасцю. Яны распавядаюць выдатныя гісторыі пра распятых дзяцей. І людзі іх глядзяць, бо бавяцца такім чынам.

«Белсат»: Вы таксама адзначылі, што зараз не час для жалезнай заслоны, што ёсць інтэрнэт і адкрытыя крыніцы інфармацыі. Як усё ж людзей перавесці туды?

Пётр Памяранцаў: Ёсць два падыходы. Адзін называецца «медыя-граматнасць». Гучыць вельмі нудна, але ён, канешне, ключавы. Каб людзі пры вывучэнні школьных і ўніверсітэцкіх праграмаў пачалі разумець, калі падманваюць, калі імі маніпулююць. У Крамля – велізарны бюджэт. Ніводнае незалежнае СМІ ці расейскамоўнае заходняе СМІ ніколі нават блізка з ім не зможа стаяць. Але ёсць такія рэчы, пра якія Крэмль не робіць навіны. Гэта лакальныя праблемы, мясцовыя праблемы, няма сур’ёзнай дакументалістыкі, якая можа быць вельмі займальнай. Можна мець менш грошай, чым Крэмль, але закранаць тэмы, якія ён не можа закрануць.

Размова выйшла ў эфіры праграмы «Свет». Глядзець апошняе выданне можна ў відэа вышэй.

Стужка навінаў