Медыкі зафіксавалі ўжо 40 выпадкаў адру ў трох абласцях Беларусі


Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі зафіксавана ўжо каля 40 выпадкаў захворвання на адзёр – у Гарадзенскай, Берасцейскай і Гомельскай абласцях.

У Гомельскай вобласці зарэгістравана 11 выпадкаў адру, у Берасцейскай – 1, у Гарадзенскай – 28 выпадкаў.

Нагадаем, што першы выпадак адру ў краіне выявілі ў Ваўкавыску ў пяцігадовай дзяўчынкі ў канцы лютага. Яна не была прышчэпленая, бо бацькі адмовіліся ад вакцынацыі.

У міністэрстве аховы здароўя сцвярджаюць, што крыніцу інфекцыі так і не знайшлі. Значыць, дзіця дзесьці магло кантактаваць з чалавекам з прыкметамі вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі (ВРВІ). Адзёр у пачатку захворвання выяўляецца, як ВРВІ, і ніхто не западозрыць адзёр, калі чалавек не быў за мяжой.

У Ваўкавыску апошні раз выпадак адру фіксавалі 17 сакавіка, з тых часоў новых фактаў у Гарадзенскай вобласці не было. Вірус, які выявілі ў Ваўкавыску, раней не цыркуляваў у Беларусі. У Гомельскую вобласць вірус патрапіў з Адэсы. Там з сям’ёй адпачываў першы хворы, ён жыхар Жлобіна.

Адзёр – гэта аэразольная інфекцыя: каб захварэць, досыць пабыць у адным памяшканні з тым, хто ўжо захварэў. Інкубацыйны перыяд (ад моманту заражэння да зʼяўлення сімптомаў) – 10-18 дзён, максімальны – 21 дзень.

У 2016-2017 гадах ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі ў Беларусі склаў 98%. А гэта перавышае рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ўзровень у 97% сярод дзяцей. Прафілактычныя прышчэпкі ад адру робяць дзецям у 1 год і ў 6 гадоў. Абарону забяспечваюць менавіта дзве прышчэпкі.

Калі звестак аб прышчэпках няма або вядома толькі пра адну прышчэпку ад адру, медыкі раяць зрабіць яе нават даросламу не пазней як за месяц да паездкі ў іншую краіну, дзе зараз неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя. Неспрыяльная сітуацыя з нагоды адзёру складваецца ва Украіне, Сербіі, Румыніі, Італіі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Германіі, Латвіі, Польшчы, Францыі і Швецыі.

КА, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў