Медыі: Журналіст, які браў удзел у расследаванні пра Башырава, тэрмінова пакінуў Расею

ВІДЭА

Башыраў ці Чапіга? Сюжэт «Вот так» за 27 верасня

Былы журналіст Цэнтру ўпраўлення расследаваннямі (ЦУР) Сяргей Канеў быў вымушаны 28 верасня тэрмінова пакінуць Расею.

Пра гэта паведаміла ў сваім тэлеграм-канале выданне «Праект» са спасылкай на атачэнне бізнесоўца Міхаіла Хадаркоўскага, дваіх былых супрацоўнікаў ЦУР і аднаго супрацоўніка «МБХ Медиа», дзе публікаваўся Канеў.

Раней Міхаіл Хадаркоўскі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Дождь» распавёў, што нехта з ягоных супрацоўнікаў быў вывезены з Расеі. Бізнесовец паведаміў, што ў дачыненні да журналіста рыхтавалася правакацыя, падчас якой планавалі высунуць абвінавачанне ў падрыхтоўцы тэракту супраць прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

Паводле крыніцы «Праекту», Канеў даведаўся, што яго збіраюцца абвінаваціць у спробе высветліць маршрут перамяшчэння картэжу Пуціна.

Цяпер Сяргей Канеў знаходзіцца ў адной з краінаў Балтыі, паведаміла крыніца «Праекту». Пераезд журналіста пацвердзіў і праваабаронца, які працуе ў гэтай краіне.

Раней «МБХ медиа» пісала, што Канеў асцерагаецца крымінальнай справы праз расследаванне пра Пятрова і Башырава (сапраўднае імя якога, паводле адной з версіяў, – Анатолій Чэпіга), якіх Вялікая Брытанія вінаваціць у атручванні Скрыпалёў.

30 ліпеня ў Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы забілі ўдзельнікаў расейскай здымачнай групы – журналіста Архана Джэмаля, рэжысёра Аляксандра Растаргуева і аператара Кірыла Радчанку. Яны прыехалі ў афрыканскую краіну здымаць сумесны з Цэнтрам упраўлення расследаванняў фільм пра працу расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер».

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары