Медыі: У траўні ДНР прадаў Расеі вугалю на $ 120 тыс.


Выданне «Інфармацыйны супраціў» паведаміла, колькі вугалю «Данецкая народная рэспубліка» прадала ў Расею.

Спасылаючыся на зацверджаны міністэрствам эканамічнага развіцця РФ план, інтэрнэт-выданне піша, што ў траўні ААТ «РЖД Логистика» вывезла з акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці ў Расею 76,3 тыс. тонаў вугальнай прадукцыі.

Вугаль даставілі на адрас Новачэркаскай ГЭС у Новачэркаску Растоўскай вобласці.

За такія незаконныя дзеянні адказная структура, адмыслова створаная ў ДНР, «Дзяржаўнае прадпрыемства рэспубліканскі цэнтр «Вугаль Данбасу», атрымала ўзнагароджанне ў памеры 7,2 млн расейскіх рублёў (каля $ 120 тыс.).

ЛНР вядзе перамовы з Менскам пра пастаўкі вугалю

У траўні Belsat.eu пісаў пра тое, што «Луганская народная рэспубліка» хоча прадаваць вугаль у нашую краіну – адмысловую заяву падчас інтэрвю расейскай газеце «Известия» зрабіў кіраўнік непрызнанага ўтварэння Ігар Платніцкі.

«Мы вядзем перамовы з Беларуссю, Турцыяй, Кітаем. У першую чаргу, гаворка ідзе пра пакупку вугалю. Узнікаюць складанасці з вывазам прадукцыі, з афармленнем сертыфікатаў. Мы шукаем шляхі рашэння праблемаў, упэўнены, што выйсці знойдзем. Тут тонкая мяжа паміж эканомікай і палітыкай. Выхад новага гульца на рынак заўсёды неадназначна ўспрымаецца іншымі ўдзельнікамі», – заявіў тады Платніцкі.

Пра тое, што вугаль з ЛНР трапляе ўжо цяпер трапляе ў Беларусь, у размове з Belsat.eu заявіў начальнік аддзелу вытворчасці і перспектыўнага развіцця вугальнай галіны Міністэрства паліва, энергетыкі і вугальнай прамысловасці ЛНР Віктар Ткачэнка:

«Безумоўна, Беларусь набывае ў нас вугаль. Праўда, на дадзены момант фінансавых адносінаў з беларускімі дзяржаўнымі структурамі ў ЛНР няма. Мы знаходзімся на стадыі перамоваў з афіцыйным Менскам, канчатковае рашэнне толькі прымаецца. А вось прыватныя фірмы з Беларусі ўжо неаднаразова набывалі ў ЛНР партыі прадукцыі: вугалю, антрацыту».

Аб’ёмы паставак і назвы прыватных прадпрыемстваў Ткачэнка ўдакладніць адмовіўся, спаслаўшыся на камерцыйную тайну.

Чытайце больш пра вугаль з сепаратысцкіх утварэнняў у Беларусі ў нашым матэрыяле.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары