Медыі: Еўразвяз здыме санкцыі з Беларусі


Еўразвяз здыме санкцыі са 170 грамадзянаў Беларусі, а таксама з 3 кампаніяў з нашай краіны, сцвярджае дыпламат.

Раней Еўразвяз прыпыняў дзеянне санкцыяў на чатыры месяцы, пасля таго, як кіраўнік Беларусі вызваліў палітвязняў у леташнім жніўні.

У тым ліку санкцыі будуць знятыя і з Аляксандра Лукашэнкі. ЕЗ пойдзе на такую меру пасля «паляпшэння ў Беларусі сітуацыі з правамі чалавека», распавяла дыпламатычная крыніцы агенцтву «France Presse».

Разам з тым у «чорным спісе» застануцца чацвёра сілавікоў, якіх падазраюць у дачыненні да знікнення людзей у Беларусі ў 1999-2000 гадах. Таксама застанецца і эмбарга на пастаўкі зброі.

«Для нас важна быць побач, каб маніторыць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Мы не верым, што яна значна палепшылася. Некаторыя краіны ЕЗ мяркуюць, што лепшы спосаб дабіцца паляпшэння – адмяніць санкцыі, іншыя – што лепш некаторыя з іх пакінуць.Такім чынам застануцца рычагі, дзякуючы якім мы пашырым «чорны спіс» яшчэ раз, калі будзе трэба», – падзяліўся сваім меркаваннем неназваны дыпламат.

Другі адзначыў ролю афіцыйнага Менску ў правядзенні перамоваў па сітуацыі ва Украіне. Пры гэтым дадаў, што санкцыі не адмяняюцца «з закрытымі вачыма», бо зразумела, што «Беларусь не рай на зямлі».

Мяркуецца, што адмена санкцыяў будзе афіцыйна зацверджаная ў панядзелак 15 лютага міністрамі замежных справаў ЕЗ падчас сустрэчы ў Бруселі.

НМ, belsat.eu, паводле Globalpost

Глядзі таксама
Каментары