Медработнікі Атолінаўскага шпіталю жывуць у антысанітарных умовах


Сапраўдных зменаў патрабуе не толькі гаспадарка. Усё як 40 год таму. Будынак інтэрнату для медпрацаўнікоў пад Менскам не надта змяніўся з часоў застою. Без рамонту, у цесных кватэрах з абсталяваннем у аварыйным стане – жыхары інтэрнату пры гэтым вымушаныя аплочваць немалыя сумы з жыровак.

Жыхары атолінскага інтэрната медработнікаў, які знаходзіцца на балансе Менскага цэнтральнага раённага шпіталя, 14 гадоў не могуць дабіцца рамонту будынку. На тэрыторыі, прылеглай да інтэрната няма асвятлення, дарог, паркоўкі і дзіцячай пляцоўкі. Адміністрацыя шпіталя лічыць, што гэтая праблема саміх жыхароў.

Атолінскі шпіталь быў арганізаваны на базе былога пансіяната Савету міністраў у 1992 годзе. Медработнікі атрымалі інтэрнат, які месціцца ў двух карпусах былога пансіяната. Пансіянат існаваў з 1972 года і пасля развала Савецкага Саюзу там нічога не мянялася. Пра гэта сведчаць і ганак на ўваходзе, і дзверы, і плямы на столі ад дажджавых сцёкаў, і сцены.

Ларыса Мурашка:

«Мы самі мяняем вокны, падлогу, сочым за сантэхнікай, робім рамонты. Нават газавае абсталяванне, якое тут з 1972 года і прызнана даўно аварыйным, нам не замянілі. Звароты ў наш шпіталь і раённы нічога не далі. Нас папросту ня бачаць».

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што адміністрацыя нешта ўсё ж зрабіла. У 2004 годзе ўтрамбавалі зямлю пад аўтастаянку, праўда, пад самымі вокнамі жыхароў інтэрната. Згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя, яе трэба перанесці далей ад сцяны будынку. Але гэтага дагэтуль не зроблена. Так што пах і гар ад рухавікоў вольна трапляюць у форткі жыхароў інтэрната. Дзіцячую пляцоўку жыхары рабілі сваймі сіламі.

Андрэй Гормаш:

«Нас было б у разы болей, каб не кантрактная сістэма. Людзі, якія тут кіруюць, маюць рычагі і мажлівасці, каб звольніць, не падоўжыць кантракт. Людзі баяцца згубіць нават гэтае жытло, вось і пабаяліся сюды прыйсці».

Людзі жывуць у аднапакаёўках. Маленькія пакойчыкі і маленькія кухні. Падвалаў няма, каб там захоўваць няхітры скарб. Пры гэтым квартплата не малая. Паўтара года таму жонка Андрэя тры месяцы правяла ў радзільні з-за складаных родаў. Ён атрымаў жыроўку на тры мільёны рублёў.

Андрэй Гармаш:

Запытваю: «Як так? Жонка ў шпіталі, старэйшы сын у маіх бацькоў. За што плаціць?». А яны: «Збірайце даведкі». Я прынёс усе даведкі, а мне кажуць, што ўжо прайшло 7 дзён і таму яны ўжо несапраўдныя. Заплаціце за тры месяцы тры мільёны. За гэтыя 30 квадратаў? Я сам тут зрабіў рамонт. Калі засяляўся, не было ніводнага шкла, ні сантэхнікі, нават разетак, тырчалі драты.

Жыхары інтэрната паскардзіліся, што галоўны лекар шпіталя Мікалай Грышук не надта цырымоніцца са сваймі супрацоўнікамі, калі тыя прыходзяць са скаргамі на жытло.

З журналістамі галоўны доктар быў значна ветлівей. Адразу запэўніў, што цягам двух тыдняў будзе адрамантаваны дах, бо аказваецца на гэта ўжо выдаткавалі 500 мільёнаў рублёў. Потым, праўда, высветлілася, што гэтых грошай (а гэта амаль 30 тысяч долараў) хопіць толькі на рамонт аднаго даху. На фарбу ж зусім не застанецца. Што да паркоўкі і дзіцячай пляцоўкі, то галоўны медык катэгарычна заявіў, што гэтым займацца ня будзе, маўляў, гэта патрэбна ім самім і іхным дзецям. Дык няхай скінуцца і зробяць.

Любоў Лунёва, belsat.eu

Стужка навінаў