Медалі не пахнуць. Берасцейскі лікёра-гарэлачны завод ездзіць на конкурс у акупаваны Крым


Кіраўніцтва заводу «Белалка» не бачыць нічога ганебнага, у тым, каб ездзіць у акупаваным Крым і супрацоўнічаць з арганізацыямі, супраць якіх дзейнічае еўрапейскія ды ўкраінскія санкцыі. Але пры гэтым працягвае пастаўляць сваю прадукцыю ў ЕЗ і Украіну.

Беларускія вытворцы моцнага алкаголю з’ездзілі ў анексаваны Крым

Прадстаўніцы «Белалка» з узнагародамі конкурсу алканольнай прадукцыі “Залаты Грыфон”

«Што ж, ялцінскі «Залаты Грыфон» завяршыўся, і мы маем на чатыры падставы для гонару больш, чым да яго пачатку. Тры залатыя медалі і адзін гран-пры», – піша «Белалка» на сваіх старонках у сацыяльных сетках.

Прадстаўнікі заводу ўдзельнічалі ў 38-м міжнародным конкурсе алкагольнай прадукцыі «Залаты грыфон». Яго з 29 ліпеня па 5 жніўня ладзіў у Ялце ўсерасейскі нацыянальны навукова-даследчы інстытут вінаградарства і вінаробства «Магарач» расейскай акадэміі навук і Саюз вінаробаў Крыму. Гэта традыцыйны конкурс, які праводзіцца больш за 30 гадоў запар. Да анексіі Крыму арганізатарам быў украінскі бок – Нацыянальны інстытут вінаграду і віна «Магарач». Пасля захопу паўвыспы гэтую ўстанову перайменавалі, а конкурс цяпер праходзіць пад расейскім сцягам.

У 2012 годзе на «Залатой Грыфон» ва ўкраінскую Ялту прыязджалі прадстаўнікі дзевяці краінаў, у тым ліку Чэхіі, Малдовы, Францыі. Пасля анексіі і ўвядзення санкцыяў сітуацыя змянілася – цяпер у конкурсе бяруць удзел прадстаўнікі з Казахстану, Туркменістану і непрызнанай Абхазіі. А разам з імі – прадстаўнікі Беларусі. Пасля акупацыі Крыму завод «Белалка» быў пастаянным удзельнікам конкурсу і нават не хаваў гэтага.

«Белалка» не адказвае на нязручныя пытанні

Мы выкарысталі ўсе магчымыя спробы атрымаць у прадстаўнікоў «Белалка» каментар, але не пачулі нават адмоўнага адказу, толькі поўнае ігнараванне. Таксама прадпрыемства паступае з каментарамі карыстальнікаў у сваіх сацыяльных сетках. Не было адказу і на пытанне: якім чынам супрацоўнікі кампаніі апынуліся ў Крыме. Трапіць на паўвыспу легальна і з тэрыторыі Украіны вельмі складана. Другі шлях – праз Расею, што лічыцца парушэннем і за гэта можна панесці адказнасць. Грамадзяне, якія падарожнічаюць гэткім чынам, могуць апынуцца неўязнымі ва Украіну на тры гады і атрымаць штраф да 390 рублёў.

3 снежня 2013г года РВУП «Берасцейскі лікёра-гарэлачны завод» рэарганізаваны ў ААТ, а ў ліпені 2015 года згодна з Указам прэзідэнта №326 створаны беларускі алкагольны холдынг. У склад холдынгу ўваходзяць 8 арганізацыяў, у тым ліку і «Белалка». Са справаздачы холдынгу за 2017 годам вынікае, што найбольшы прыбытак прынесла пастаўка прадукцыі ў Расею, Латвію ды Украіну. Адпаведна, украінскі рынак вельмі важны і для «Белалка», але чамусьці прадпрыемства не баіцца яго страціць.

«Гэта даволі небяспечная гульня. Ёсць рызыка выклікаць на сябе абмежавальныя крокі з боку Украіны. «Белалка» можа страціць больш, чым атрымаць ад удзелу ў конкурсе. Выглядае, што ўдзел у конкурсе важны для іх хутчэй па ідэалагічных, чым эканамічных прычынах». – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

«Калі ўкраінскія СМІ звернуць увагу на гэтую гісторыю, то экспарт можа пацярпець. Бізнес не любіць скандалы. Імпарцёры могуць адмовіцца ад пастаўшчыка з дрэннай рэпутацыяй. З боку Украіны могуць быць выкарыстаныя іншыя санкцыі да прадстаўнікоў «Белалка», якія ездзілі ў Крым. Да прыкладу, ім могуць забараніць уезд ва Украіну». – лічыць валанцёр кампаніі дапамогі пацярпелым ад вайны ва Украіне Андрэй Стрыжак.

У Беларусі працягваюць гандляваць крымскім віном

Крымскае віно ураджаю 2012 г, яшчэ да расейскай анексіі

Тым часам, беларускія гандлёвыя сеткі прадаюць фактычна скрадзеныя ва Украіны віна. Летась гэтым адзначылася гандлёвая сетка «Алмі» . Кампанія не дала ніякіх адказаў на запыты, але спачатку прыбрала расейскі сцяг з вітрыны, а потым і ўласна віно з Крыму. Сёлета крымскім віном з надпісам на цэнніку «Крым, Расея», у тым ліку вырабленым да 2014 года, гандлюе «Карона».

СА, belsat.eu

Стужка навінаў