Мечыслаў Грыб: Зменіцца ўлада – і 27 ліпеня зойме сваё законнае месца ў календары


«Улада, магчыма, нават часцей, чым апазіцыя, стала ўжываць словы «незалежнасць» і «суверэнітэт», – адзначыў дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Мечыслаў Грыб.
dzen_nezalezhnasci27

З 1991 да 1996 года 27 ліпеня было галоўным нацыянальным святам краіны. Фота з «Фэйсбуку» Леаніда Дзейкі

«Улада, магчыма, нават часцей, чым апазіцыя, стала ўжываць словы «незалежнасць» і «суверэнітэт», – адзначыў дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Мечыслаў Грыб.

Дваццаць шэсць гадоў таму, 27 ліпеня 1990 года, беларускі парламент – Вярхоўны Савет 12-га склікання – прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.

25 жніўня 1991 года праз тры дні пасля правалу путчу ў Маскве, Вярхоўны Савет надаў дакументу статус канстытуцыйнага закону. 19 верасня таго ж года ў сувязі з перайменаваннем БССР у Рэспубліку Беларусь адпаведныя змены былі ўнесеныя ў назву і тэкст дэкларацыі. Была ўведзеная новая дзяржаўная сімволіка – бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня.

У 1991–1996 гадах 27 ліпеня адзначалася ў Беларусі як дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці. Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года Днём Незалежнасці стала лічыцца 3 ліпеня – дзень вызвалення Менску ад гітлераўцаў.

Актывісты «Маладога фронту» да гадавіны прыняцця дэкларацыі ўзнялі нацыянальныя сцягі на плошчы Незалежнасці каля Дому ўрада, дзе падпісвалася дэкларацыя.

Каментуючы БелаПАН гадавіну прыняцця дэкларацыі, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Мечыслаў Грыб адзначыў, што «два дзясяткі гадоў кіраўніцтва Беларусі не надавала істотнага значэння дзяржаўнаму суверэнітэту, робячы ўпор на інтэграцыю з суседняй дзяржавай». «Але ў апошні час яно значна памяняла сваю рыторыку, – дадаў Грыб. – Улада, магчыма, нават часцей, чым апазіцыя, стала ўжываць словы «незалежнасць» і «суверэнітэт». Мабыць, адчула, што рэальнаму суверэнітэту і незалежнасці пагражаюць з Усходу».

У той жа час, лічыць экс-парламентарый, трэба не толькі гаварыць, але і прымаць канкрэтныя рашэнні дзеля ўмацавання незалежнасці. У гэтым кірунку ўлада робіць мала захадаў.

Грыб назваў няправільным перанос святкавання Дня незалежнасці на 3 ліпеня. «Зменіцца ўлада – зменіцца і дата, 27 ліпеня зойме сваё законнае месца ў календары. Хоць справа нават не ў тым, у які з дзён адзначаецца свята, – галоўнае, каб суверэнітэт і незалежнасць былі напоўнены неабходным зместам», – падкрэсліў палітык.

У сваю чаргу дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання Алег Трусаў кажа, што не варта надаваць гэтаму дакументу вялікага значэння. «Тыя, хто яго прымалі, думалі, што гэта чыстая фармальнасць, што застанецца Савецкі Саюз, ім не прыходзіла ў галаву, што дакумент пачне дзейнічаць праз год. Для нас больш важныя дакументы, прынятыя ў 1991 годзе. Хоць, вядома, пачатак адліку суверэнітэту ідзе ад прыняцця дэкларацыі, забываць гэты дзень нельга», – дадаў Трусаў.

На ягоную думку, цяперашняму кіраўніцтву Беларусі вельмі пашанцавала з прыняццем дэкларацыі. «Ім гэты дакумент даў уладу, якой яны карыстаюцца з 1994 года. Цяпер улады адчуваюць пагрозу з Усходу. Калі раней яны спявалі пра непарушнае братэрства, то пасля падзей ва Украіне ўбачылі, чым для іх гэта братэрства можа скончыцца. Асабліва калі танкі стаяць ужо пад Бранскам», – адзначыў Трусаў.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары